Читать «Размова з муміяй» онлайн - страница 9

Эдгар Аллан По

Тут мы ўсе паціснулі плячыма, а нехта з нас нават са шматзначным выглядам пастукаў сябе па ілбе. Містэр Сілк Бэкінгем, слізгануўшы поглядам спачатку па патыліцы, а потым па макаўцы Хібанахібіё, зазначыў:

— Такая працягласць чалавечага жыцця ў вашыя часы, а таксама адзінкавыя выпадкі пражывання яго, як вы казалі, па частках, мусілі напраўду моцна паўплываць на агульнае развіццё і назапашванне ведаў. А таму я мяркую, што мы можам вытлумачыць відавочнае адставанне ўсіх дасягненняў старажытнаегіпецкай навукі ад сучасных, асабліва ад дасягненняў янкі, надзвычайнай цвёрдасцю егіпецкіх чарапоў.

— Мушу прызнацца, — пачціва сказаў граф, — што я згубіў вашую думку. Скажыце, калі ласка, якія дасягненні навукі вы маеце на ўвазе?

Тут уся нашая кампанія хорам пачала падрабязна расказваць пра палажэнні фрэналогіі * і пра цуды жывёльнага магнетызму.

* Фрэналогія — папулярная ў ХІХ ст. псеўданавука пра сувязь псіхікі чалавека і будовы яго чэрапа.

Выслухаўшы нас да канца, граф пераказаў некалькі анекдотаў, з якіх мы зразумелі: слава прататыпаў Галя і Шпурцгайма * была ў зеніце і пасля закацілася ў Егіпце так даўно, што пра іх паспелі ўжо забыць, а цуды Месмера былі напраўду вартымі жалю фокусамі ў параўнанні з дзівосамі фіванскіх мудрацоў, якія стварылі вошаў і мноства такога іншага.

* Франц Ёзаф Галь (1758—1828) — аўстрыйскі доктар і анатам, заснавальнік фрэналогіі. Ёган Каспар Шпурцгайм (1776—1832) — нямецкі фрэнолаг, сябра Ф. Ё. Галя, якому ён дапамагаў пісаць працу «Анатомія і фізіялогія нервовай сістэмы».

Тут я спытаў у графа, ці ўмелі яго землякі вылічваць час зацьменняў. Ён досыць пагардліва ўсміхнуўся і адказаў, што ўмелі.

Гэта крыху мяне збянтэжыла, але я працягваў распытваць яго пра астранамічную навуку егіпцянаў, пакуль адзін з нашае кампаніі, які дагэтуль ні разу не адкрыў рота, не шапнуў мне на вуха, што па гэтым пытанні мяне нашмат лепей пракансультуе Пталямей (і хто гэта такі?), а яшчэ нейкі Плутарх у працы De facie lunae *.

* «Пра твар, бачны ў дыску месяца» (лац.) — дыялог Плутарха (46—120 н. э.).

Тады я спытаў мумію пра запальвальныя шкельцы, лінзы і ўвогуле пра вытворчасць шкла, але не паспеў нават скончыць пытанне, як маўклівы ўдзельнік зноў ціха крануў мяне за локаць і дзеля ўсяго святога папрасіў лепш зірнуць у працы Дыядора Сіцылійскага. Граф жа замест адказу пацікавіўся, ці маем мы мікраскопы, якія дазволілі б нам выразаць камеі, што рабілі егіпцяне. Пакуль я думаў, што адказаць на гэтае пытанне, маленькі доктар Зубдамус даў вельмі незвычайнага маху:

— А паглядзіце на нашую архітэктуру! — усклікнуў ён да вялікага абурэння абодвух падарожнікаў, якія пачалі шчыкаць яго амаль да сінякоў, але без ніякае карысці. — Паглядзіце на фантан, што на Боўлінг-Грын у Нью-Ёрку! — захоплена працягваў ён. — Ці, калі ён занадта велічны для сузірання, успомніце на імгненне Капітолій у Вашынгтоне!