Читать «Размова з муміяй» онлайн - страница 8

Эдгар Аллан По

— Прашу мне прабачыць, — сказаў тут доктар Зубдамус, мякка паклаўшы сваю руку на руку егіпцяніна, — прашу мне прабачыць, але ці магу я на хвілінку вас перапыніць?

— Канечне, сэр, — адказаў граф і замаўчаў.

— Мне толькі хацелася задаць вам адно пытанне, — сказаў доктар. — Вы казалі пра тое, што гісторык сам выпраўляе памылкі ў паданнях пра яго эпоху. Тады скажыце, прашу вас, колькі праўды звычайна заставалася ва ўсёй гэтай кабалістыцы?

— Уся гэтая, як вы правільна заўважылі, кабалістыка звычайна выяўляецца настолькі ж праўдзівай, як і факты ў кнігах, якія самі гісторыкі потым не перапісвалі: не вядома ніводнае дэталі, якая так ці іначай не была б цалкам і дарэшты памылковай.

— Калі мы з вамі высветлілі, — працягнуў доктар, — што з часу вашага пахавання прайшло не менш за пяць тысяч гадоў, я ўпэўнены, што вашыя тагачасныя гістарычныя працы, а можа, нават паданні ўтрымлівалі шмат падрабязнай інфармацыі на тэму, цікавую для усіх, — тэму стварэння свету, якое адбылося, як вы, мабыць, ведаеце, усяго за тысячу гадоў да вашага нараджэння.

— Прашу прабачэння, сэр?.. — не зразумеў граф Хібанахібіё.

Доктар паўтарыў сваю думку, але яму давялося шмат дадаткова тлумачыць, перш чым чужаземец змог яго зразумець. Урэшце апошні няўпэўнена сказаў:

— Згаданыя вамі ідэі, шчыра прызнаюся, для мяне зусім новыя. У мае часы я не ведаў нікога, хто б трымаўся незвычайнай фантазіі, нібыта сусвет (ці гэты свет, калі вам будзе заўгодна) увогуле калісьці меў пачатак. Помніцца, як аднойчы і толькі аднойчы я чуў ад аднаго мысляра штосьці аддалена да гэтага падобнае, звязанае з паходжаннем чалавечае расы. Дарэчы, гэты чалавек ужываў імя Адам, ці Гліна, пра якое вы гаварылі. Аднак ужываў ён яго ў шырокім сэнсе, кажучы пра адвольнае зараджэнне з урадлівай глебы (як зарадзіліся тысячы ніжэйшых відаў), адвольнае зараджэнне, паўтаруся, пяці вялізных чалавечых плямёнаў, што адначасова з’явіліся ў пяці асобных, але амаль роўных частках свету.