Читать «Размова з муміяй» онлайн - страница 2

Эдгар Аллан По

Падышоўшы да стала, я ўбачыў на ім вялікую каробку, ці скрыню, каля сямі футаў даўжынёй, прыкладна тры футы шырынёй і два з паловай футы вышынёй. Яна была прадаўгаватай формы, але не ў форме труны. Спачатку нам падалося, што яна вырабленая з драўніны сікамора (сямейства платанавых), але зрабіўшы надрэз, мы зразумелі, што яна з кардону ці, дакладней кажучы, з папірусавага пап’е-машэ. Яна была пышна ўпрыгожаная сцэнамі пахавання і іншымі жалобнымі выявамі, якія ў самых розных месцах перамяжаліся аднолькавымі іерогліфамі, што без сумневу абазначалі імя памерлага. На шчасце, сярод нас знаходзіўся містэр Глідан, які з лёгкасцю расшыфраваў зроблены простым фанетычным пісьмом надпіс. Ён чытаўся як «Хібанахібіё».

Адчыніць скрыню, не пашкодзіўшы яе, выявілася справай нялёгкай, аднак даўшы ўрэшце гэтаму рады, мы знайшлі ўнутры другую скрыню, больш падобную да труны і нашмат меншую за папярэднюю ў памеры, але ва ўсім астатнім — яе дакладную копію. Прамежак паміж імі быў запоўнены смалой, і гэта ў некаторай ступені пашкодзіла фарбы ўнутранай скрыні.

Адчыніўшы і яе (а гэта атрымалася ў нас досыць лёгка), мы дайшлі да трэцяй скрыні, якая таксама мела форму труны і адрознівалася ад папярэдняй толькі матэрыялам: яна была зробленая з кедру і дагэтуль струменіла своеасаблівы і надзвычай духмяны пах гэтага дрэва. Паміж гэтымі дзвюма скрынямі вольнага месца не заставалася — яны былі дакладна падагнаныя адна да адной.

Адчыніўшы трэцюю скрыню, мы знайшлі там саму мумію і выцягнулі яе вонкі. Мы чакалі, што яна, як звычайна, будзе цесна спавітая палатнянымі палосамі ці стужкамі, аднак замест гэтага ўбачылі штосьці накшталт пакрытага слоем замазкі футарала з папірусу, багата пазалочанага і размаляванага. Малюнкі гэтыя выяўлялі самыя розныя нібыта падарожжы душы і яе сустрэчы з шэрагам бостваў, а таксама безліч аднолькавых чалавечых фігурак — верагодна, адлюстраванняў забальзамаваных асобаў. Ад галавы да ног муміі папярочным слупком ішоў надпіс, зроблены фанетычнымі іерогліфамі, які зноў называў імя памерлага і яго тытулы, а таксама імёны і тытулы яго родных.

Такім самым футаралам шыю муміі ахоплівалі каралі з цыліндрычных рознакаляровых пацерак, сплеценых у форме багоў, скарабеяў і іншага, а таксама шару з крыламі. Такія ж каралі, ці пояс, ахоплівалі і талію.

Зняўшы папірус, мы ўбачылі, што цела ў выдатным стане і зусім не пахне. Скура была чырванаватага колеру, цвёрдая, гладкая і бліскучая. Зубы і валасы таксама добра захаваліся. Вочы, відаць, дасталі і замянілі на шкляныя шарыкі, надзвычай прыгожыя і неверагодна праўдападобныя, хіба што пазіралі яны занадта рашуча. Пазногці і пальцы блішчэлі пазалотай.

Містэр Глідан выказаў думку, што, мяркуючы па чырвоным колеры эпідэрмісу, цела бальзамавалася выключна асфальтавай смалой, аднак калі са скуры саскрэблі крыху парашкападобнага рэчыва і кінулі яго ў агонь, усе выразна адчулі водар камфоры і духмяных смолаў.