Читать «Размова з муміяй» онлайн - страница 5

Эдгар Аллан По

Я, напрыклад, быў цалкам упэўнены, што ўсё так і мае быць, і толькі пасунуўся трошачкі назад, падалей ад кулака егіпцяніна. Доктар Зубдамус вельмі пачырванеў і, узіраючыся ў твар муміі, засунуў рукі ў кішэні штаноў. Містэр Глідан пагладзіў бараду і паправіў каўнер кашулі. Містэр Бэкінгем апусціў галаву і засунуў вялікі палец правай рукі ў левы куточак рота.

Некалькі хвілінаў егіпцянін сувора разглядаў яго і ўрэшце насмешліва зазначыў:

— Містэр Бэкінгем, чаго вы маўчыце? Вы чулі мае пытанні ці не? І дастаньце палец з рота!

Містэр Бэкінгем адразу ж злёгку скалануўся, дастаў вялікі палец правай рукі з левага куточка рота і ў якасці кампенсацыі ўклаў вялікі палец левай рукі ў правы куточак вышэйзгаданай адтуліны.

Не атрымаўшы адказу ад містэра Бэкінгема, мумія раздражнёна павярнулася да містэра Глідана і безапеляцыйным тонам у агульных выразах запатрабавала ад яго прыкладна таго ж самага.

Містэр Глідан грунтоўна адказаў ёй на размоўнай егіпецкай, і калі б у нашых амерыканскіх друкарнях не было такога сур’ёзнага недахопу іерагліфічных шрыфтоў, я з вялікім задавальненнем змясціў бы гэтую выбітную прамову ў арыгінале.

Тут я скарыстаюся магчымасцю і ўдакладню, што ўся наступная размова з муміяй вялася на старажытнаегіпецкай мове пры пасярэдніцтве (калі справа датычыла мяне і іншых сябраў-дамаседаў нашае кампаніі), пры пасярэдніцтве, паўтаруся, перакладчыкаў містэра Глідана і містэра Бэкінгема. Гэтыя джэнтльмены гаварылі на матчынай мове ўсіх муміяў з непаўторнай хуткасцю і вытанчанасцю, але я не мог не звярнуць увагу на тое, што час ад часу (калі з’яўлялася неабходнасць закрануць нейкія цалкам сучасныя і, натуральна, цалкам невядомыя нашаму госцю паняцці) два падарожнікі былі змушаныя тлумачыць нейкія адмысловыя значэнні ледзь не на мігах. Так, напрыклад, у адзін момант містэр Глідан не мог патлумачыць егіпцяніну паняцце «палітыка» да таго часу, пакуль не намаляваў вугольчыкам на сцяне карбункуланосага джэнтльмена з падранымі локцямі, які выступаў з прамовай, адставіўшы назад левую нагу, правую руку са сціснутым кулаком выцягнуўшы наперад, з вачыма, вырачанымі ў нябёсы, і з ротам, адкрытым пад вуглом у дзевяноста градусаў. А містэр Бэкінгем ніяк не мог патлумачыць вельмі сучаснае паняцце «сухі закон», пакуль згодна з парадай доктара Зубдамуса не дастаў з-пад палы і, моцна пачырванеўшы, не паказаў чужаземцу пустую флягу.

Зразумела, прамова містэра Глідана круцілася ў асноўным вакол тае вялікае карысці, якую прыносіць навуцы раскручванне і ўскрыццё муміяў. З гэтай прычыны ён выбачыўся за ўсе нязручнасці, якія давялося сцярпець, у прыватнасці, муміі на імя Хібанахібіё, і скончыў лёгкім намёкам (бо іначай акрэсліць яго вагу наўрад ці магчыма), што калі з ўсімі гэтымі нязначнымі падрабязнасцямі скончана, надышоў самы час працягнуць запланаваныя даследаванні. На гэтых словах доктар Зубдамус падрыхтаваў свае інструменты.

Што да апошняй прапановы прамоўцы, то тут у Хібанахібіё былі пэўныя сумневы, прыроды якіх я так канчаткова і не зразумеў. Але прабачэнні яго задаволілі: падняўшыся са стала, ён паціснуў рукі ўсёй кампаніі.