Читать «Тралялёначка (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Франтишек Богушевич

Доўга яны гэтак вадзiлiся: i тыя нарадзiны першага сына ён спамiнаў, i свой пасаг яна спамiнала, спамiнала i тое, як на вяселлi камiсар казаў мужу, што Каська пакаёўкай была, дык раздалiкацiлася i ён не павiнен змушаць яе да цяжкай работы, а няхай за тыя 300 рублёў дзеўку павек найме...

Разабрала Бартку аж па макаўку! Аж рыкнуў на жонку:

- Вон, сякая-такая! Вон з кодлам сваiм: я тут пан, не ты панi!

- Даўно, - кажа Каська, - я чакала ад цябе гэтага, i так хацела кiнуць, а цяпер i кiдаю!

- Але, кiдай, ды iзноў у вёску, - адказаў Бартак.

- I кiну, i ў вёску не пайду, - кажа Каська, - а хоць зараз Прыбалдоў за ахмiстрыню, як за паню, возьме да места...

Пазлавалiся, расплявалiся, так як хто зiмным перакiнуў, i разышлiся; а назаўтра Каську пёрлi два чорныя агяры да вакзала, каб ехаць да Прыбалдова. Бартак з той немарасцi кiнуўся ў гарэлачку, а далей стаў зiркаць на кабетак. Бывала, як хто аб жонцы спомне, што кiнула, дык аж счырванее.

- Не вялiкая, - кажа, - наўда, што кiнула, ды i не так то кiнула, як я сам яе прагнаў.

Так, бывала, хвалiцца ўсё, што прагнаў ды прагнаў, а людзям гэта i трэба.

Пачакаўшы гадок-другi, мы вiдзiм, што Бартак чыста перамянiўся, раздалiкацiўся: на полi не бывае, зiмой у месце гуляе... А раз вярнуўся ўжо i з паненачкай такой харошай, цянклявенькай, шталтам за губарнанку, а называў яе якойсьцi кузынкай i цалаваў пры людзях. А яна, тая кузынка, такая смяхотная ды вясёлая была, як бы вот паненачка праўдзiвая: нiчагусенька, бывала, не робе, толькi сабе бегае, выспевуе: "Тра-ля-ля, тра-ля-ля!" Або як калi асядлаюць ёй каня ў якоесьцi рагатае сядло, фурман сядзе на другога каня ў самы рабочы час, вот яна i гарцуе па дарогах, iншы раз вярстоў за 10 заб'ецца, конi ў пене, фурман падаб'ецца, яна ўсё "тра-ля-ля, тра-ля-ля..." Так мы яе i празвалi "Траляля".

Але добрая была, вечны ёй пакой: бывала, хто ў вёсцы захварэе, то яна i па доктара пашле, i на лякарства дасць, i дзецям то па грушачцы, то па яблычку. Любiлi тыкi мы яе, гэту Тралялю.

Раз за малым не ўсёй вёсцы прыпёрлi павесткi з акружнога аб тым, што жонка Барткава падала скаргу, што муж выгнаў яе з двара, што з другой жывець, што палавiну яе маёнтка забраў, па пяць тысяч на рок даходу цягне, а ёй нi гроша не даець... I давай нас цягаць па сведках: то ў кансыстор, то на следства, то проста ў суд акружны, гадоў за тры. Тым часам нашая Траляля захварэла i ў тры днi навек заснула, пакiнуўшы дзiцятка драбнюсенькае. Бартак зажурыўся, як за сцяну завалiўся: палавiну маёнтка Бартчыха адабрала, а другую прадалi з лiцытацыi за даўгi, i пашоў Бартак зноў у вёску, але суддзёй ужо нiколi не быў i ўсiм кланяўся. Не доўга, бедны, пабыў i тут, бо за штось у турму пасадзiлi... Там ён i ўмёр!

Бартчыха з рок на сваёй палавiне панавала, увосенi пажар амёў усе будынкi, а тут прад новым рокам банк прадаў i рэшту маёнтка. Так то скончылася панаванне Сасковае.