Читать «Тралялёначка (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Франтишек Богушевич

Гэта ж было ўвосень каля ўсiх святых, а, дачакаўшы каляд, Бартак i сваю зямлю i Янукову Сакалову аддаў напалавiну. Мы ўжо ўвiдзелi, што тыкi i праўда - ён купiў маёнтак. На першага Юр'я перагнаў быдла да Замораўкi, а Прыбалдоў выехаў, як стаiць, з сям'ёй таго ж дня. Юдка-каваль горка плакаў, бо сто рублёў прапалi...

Бартак Сасок купiў ад Прыбалдова маёнтак са ўсiм дабыткам, з вазамi i карэтамi, а навет з вялiкiм, як конь, сабакай; але павiнен быў заплацiць даўгi i свае семсот рублей залiчыць; а даўгоў тых было цi мала: у банку тысяч трыццаць, то толькi працэнтаў дзве тысячы шторок трэба было заплацiць, а так людзям розным тысяч з дваццаць набралася.

У маi прыехаў судавы ўходчыну рабiць, i нас, суседаў, паклiкалi. Глядзiм мы, калi ўжо Бартак i Бартчыха з тым судавым разам абедаюць i навет кухар на стол падаець. Бартчыха ў чорнай панскай сукнi! На нашую пахвалёнку нiхто i не адказаў... Судавы, пратрымаўшы нас да вечара, прачытаў якiсь папер аб тым, што Бартак з Бартчыхай купiлi Замораўку, i мы пашлi па хатах, а яны панаваць засталiся. Бартак стаў стражэйшым панам ад ганарала: дзярэ за шкоды - жыць не можна, а крычыць, а лае, а па полi конна, як праўдзiвы ганарал, гарцуе... аж страх! Да касцёла, бывала, калi прыляцiць чацвёркай, а яна ў капялюху блiскучым з жоўтай стужкай i брыжыкамi, а наверсе, пане, сядзiць птушка як жывая, чыста ж сiваваронка, толькi што не закаўкае. Iдуць па касцёле, аж увесь народ азiраецца! А кожную нядзелю ў дварэ госцi: то станавы, то пiсар, то хвельчар, часам пасрэднiк, то сакратар з'ездавы, то судавы, а iншы раз i ўсе разам збяруцца, ды днёў тры ў карты гуляюць i п'юць - лепш як у таго праўдзiвага ганарала.

А жаць як прыйшлося, дык на полi невясёла ў Барткi: жыта мала, а жней яшчэ меней: i не ўрадзiла, i жнеi дарагiя - плацiлi i па тры злоты!..

Бартак злуецца, а Бартчыха спацыруе сабе па садзе з парасончыкам. Не сцерпеў Бартак i кажа да жонкi:

- Вот не шкодзiла б, каб Ваша, панi Каська, сярпок узяўшы, ды па загончыку прайшлася, замейце таго, што дарма па садзе дрыптаеш - а то жыта сыпiцца i грошы няма гэтак жнеям плацiць.

- Вазьмi ж, васпан, касу ды па сенажатцы прайдзiся, тагды я ўжо апрану сукню ядвабную i капялюш з птушкай дый пайду жаць...

- От жа пойдзеш i ў спаднiцы рабой i без капелюха! - скiпеўся Бартак.

- Не дажджэш ты, - адказуе Бартчыха, - каб я, гэтакага маёнтку панi, ды пайшла...

Слова за слова, ды давай вадзiцца!

Бартчыха ды калiсь у двары служыла i камiсару спадабалася, а злыя языкi па калiндару варожаць, што i старшы сын Бартчыхi надта паспяшыў радзiцца па шлюбе; камiсар i пасагу даў за ёй штосьцi 300 рублей, але можа то i брэшуць? Бартчыха была гумарыстая i не надта каб мужа дбала, а ўсё больш сваiм розумам жыла. Бадай цi не яна i пiлавала Бартку, каб маёнтак купiў? А купiў ён яго i на сябе i на жонку разам.