Читать «Каханы горад (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

С (Адамович Юстапчик

- Мы, слаўныя сталiнскiя сакалы, звыклi не баяцца нiякiх высачыняў i далячыняў, - здалёку, урачыста-ўзьнёсла пачаў сваю рацэю т. Цэнцыпэр. Хто слухаў, ня мог адразу, хоць сам сабе, нутрана ня ўсьмiхнуцца ўсёй мiжвольнай самагiронii гэтага "мы". Бо агульна ведама было, што сам "Макрыца" анiразу ў жыцьцi не адважыўся ўзьняцца на якую-небудзь "высачыню" ў паветра, уважаючы, вiдаць, за бесьпячнейшае перасоўвацца па цьвёрдай зямлi. Колькi нi прапанаваў яму той-жа Юрка "павазiць па эмпiрэях" - праўда, не без патаёмнага намеру добра пабоўтаць камiсаравы вантробы ў розных паветраных "бочках" i iншых фокусах, на якiя быў мэт, - "слаўны сакол" заўсёды строга адгаворваўся недапушчальнасьцяй выдаткаваць ваенна-важныя матар'ялы, бэнзыну й iншае, "дзеля асабiстае прыемасьцi адзiнкi, хоць-бы сабе й камiсара", як казаў ён. "Паказаў-бы я табе "асабiстую прыемнасьць", - зазначыў быў тады сябром Юрка, завяршаючы свой асуд горкаўскiм "роджаны поўзаць - лётаць ня можа". "Пэўна-ж, макрыца", - згаджалiся тыя.

Але цяпер бадай усе былi занятыя ня слуханьнем знаёмае наперад нуднае прамовы, а назiраньнем даволi камiчнага здарэньня. Сваiм звычаем, "бязупынна выдзяляючы мокрадзь, адкуль толькi можна", паводля Юркавага азначэньня, "Макрыца" адразу аплёваў блiжэйшых да сябе слўхачоў. I найбольшы пырск сьлiны прыпаў якраз на нос камандзеру першага зьвязу, Юркаваму земляку й беспасярэдняму начальнiку Вiктару Лабунiчу. Той сядзеў насупраць камiсара, як заўсёды, мёртва ўталопiўшыся ў яго сваймi круглымi вачыма. Гэта быў "Макрыцын" улюбленец, якi разам зь iм падзяляў усiхную нялюбасьць i няпрыхiльнасьць ды зусiм заслужана (праўда, завочы), абзываўся i кар'ерыстым, i "самасуем", i "вылупенцам". Цяпер усе сачылi, як Лабунiч удае, быццам ён так пранiкла й захоплена слухае прамову, што зусiм не спасьцерагае нечага там у сябе на носе, хоць усiм добра вiдаць, як ён змагаецца з тым, каб ня скрывiцца, ато й цi ня чхнуць. Абцерцi-ж плювацiньне Вiктар ня важыцца. Праўда, адразу ён быў i памкнуўся ў кiшэню па насатку, але тут-жа адумаўся, баючыся, каб як мо не абразiць гэтым свайго патрона. Назiраньне такiх "перажываньняў публiчна аплёванага", як схарактарызаваў пасьля Юрка, узьняло крыху агульны настрой, якi дасягнуў нарэшце свайго кульмiнацыйнага пункту, калi гэройскi Галушка цiхенька, на пальчыках падкацiўся да Лабунiча й асьцярожна, але спраўна махнуўшы хустачкай, зьбiў зь ягонага носу камiсаравы пырскi, чаго апырсканы, зноў-жа, быццам-бы не спасьцярог. "Зарабiў толькi ад Макрыцы тры грошы за дэманстрацыю, але што ён мне - на хвост солi насыпе?" - шапнуў на вуха сябру рызыкант, зьвярнуўшыся на месца. На гэтым аднак прыемная забава глядачоў мусiла спынiцца, i хоцькi-ня-хоцькi давялося прыслухацца да прамовы.

А прамоўца тымчасам разьвiваў якраз сваю ўлюблёную тэму "бязжаласнасьцi гэтай неадымнай якасьцi кажнага партыйнага й непартыйнага бальшавiка".