Читать «Мураваны скляпок (на белорусском языке)» онлайн - страница 4
Кузьма Черный
- Дзе ты сёння свайго каня ўночы пасвiў?
- На пакошы каля рэчкi.
- Чаму ж у мяне загона аўса няма?
- А адкуль я ведаю?
- Галаву знiму!
- Знiмi сабе, - адрэзаў Тоня, даведзены да роспачы хворымi вачыма, Бiрылам i нязвыклай справай глуму чужога ўраджаю.
- Гэта ты мне такую шкоду зрабiў!
- Што ты выдумляеш?
- Ты!
- Брэшаш! Абармот! Гад! Ашуканец! Падай мне мае грошы!
Раз'юшаны Тоня Базылькевiч хапiў даўбешку i кiнуўся да Сымона Бiрылы. Той ледзьве паспеў выскачыць на вулiцу. Такiм парадкам яны затаiлi адзiн да аднаго нянавiсць. Яна цяглася праз гады i нiколi не скончылася.
К канцу вайны Тонiк Базылькевiч набыў у сваю гаспадарку тое, што было патрачана на вочы. Вайна скончылася, i трэба было падумаць, каб ранейшыя вочы назад вярнуць. Але на гэта зноў трэба рашаць шмат што з гаспадаркi, каб пасля зноў такiм горам i бядой набываць. Яго мучыла думка пра гэта. Калi ён праходзiў па загуменню i глядзеў на зробленую iм Бiрылаву малатарню, нянавiсць душыла яго. Малатарня стаяла - новая, моцная, удалая, зробленая добрым майстрам з поўным сумленнем. Спакайнеў ён толькi дома, калi бачыў, што яго набытак зраўняўся з тым сваiм даваенным станам, калi яшчэ Тоня не браўся за свае вочы. Тады гэтага чалавеку было мала, цяпер гэта было пачаткам уцехi. Пакрысе ж набытак стаў яшчэ падвышацца.
"Толькi вочы! Але як iх будзеш лячыць? Доктар возьме за гэта не менш, чым узяў тады, калi псаваў iх. Не, няхай яно згарыць, - падумаў Тоня, пачакаю, пагляджу, падумаю".
Можна вылiчыць, колькi яму было к гэтаму часу год. Сястру ён аддаў замуж. Трэба было самому спяшаць жанiцца, каб не сплылi марна лепшыя гады. Пачакаць яшчэ некалькi год, i гатова ўжо быць позна.
I от ён пачаў сягды-тагды даходжваць да сваёй ранейшай Насцi. "Ранейшай" таму, што ўжо год за шэсць да гэтага ён меўся выбраць часiну i пасватацца да яе. Але хоць яго i мучыў смутак па ёй, гэтая часiна так i не падабралася: трэба было дамуроўваць скляпок, трэба было вазiць з лесу бярвенне, каб зарабiць грошай на аддачу даўгоў за прыкупленую дзесяцiну зямлi, трэба было i сабе прызапасiць дрэва. Многа чаго трэба было! Часамi ён тады прыходзiў да Насцi, браў яе за руку, стараўся, як умеў, паказаць усялякiмi намёкамi, што любiць яе, i мучыўся, што няма як яшчэ жанiцца, бо нiчога ж у яго яшчэ не ўладжана.
Цяпер ужо быў i скляпок дамурован, i хляўчук пастаўлен, i новыя падвалiны ў хаце, конь някепскi - можна было жанiцца i абсямейвацца, але нагадзiлася новае няшчасце: к гэтаму часу ён ужо быў не проста Тоня Базылькевiч, а Тоня Дойла. От як адбылася гэта змена Тоневага прозвiшча на мянушку.
Раз, у гарачы поўдзень, ён вёз з лесу даўжэзную хвою. Конь так змучыўся ў хамуце ад цяжкасцi воза i ад балючай назолы аваднёў, што ў вулiцы стаў i не мог нейкi час крануцца з месца. Запараны да сёмага поту, Тоня Базылькевiч прысеў на дзеравячыну i охнуў: