Читать «Мураваны скляпок (на белорусском языке)» онлайн - страница 2
Кузьма Черный
- Цяпер у салдаты не пойдзеш. Бачыш няважна, але, як скончыцца вайна, я табе гэтыя вочы зноў пастаўлю на месца.
Стала i глыбакадумна Тоня Базылькевiч явiўся дадому i зноў узяўся за перарваную няшчасцем работу. Бачыў ён цяпер толькi зблiзку, здалёк усё было як у тумане. З сенечнага парога ён зусiм не бачыў новага слупа, пастаўленага ў агароднай агароджы; да яго трэба было прырабiць брамку. Апанованы страшэнным смуткам, Тоня пайшоў у той бок, дзе стаяў слуп. Свiннi пакорпалi навокал зямлю, першая ад разгароджанага месца града была здрасавана ўшчэнт. Хлеў быў адчынен, i там было пуста - карова пайшла ў перакупшчыцкiя рукi, а грошы за яе ўзяў доктар. Усё, што было набыта такой упартай працай, пайшло марна. Праўда, Тоня Базылькевiч не ў салдатах, не на вайне, але затое - i набытку няма, i вочы не свецяць. Тонеў смутак вырас удвойчы. Ён не мог адразу акiнуць вокам сваёй раптоўнай спустошанасцi i пачаў хадзiць з аднаго кутка сваёй сялiбы ў другi, разглядаючы ўсё хворымi вачыма. Трэба было ўсё пачынаць спачатку - старацца, не спаць, мазалi нацiраць - набываць. I як толькi гэтая думка выяснiла перад iм такi стан рэчаў, зноў устрапянулася i ажыла ранейшая цягавiтасць i працавiтасць. Роўна праз хвiлiну Тоня Базылькевiч бiў з-за вуха абухом па коллi, канчаючы агароджу. У агародзе лапушыўся гарбузеннiк. На градах ляжалi гарбузы i гуркi. I хоць Тоня Базылькевiч ужо не мог са свайго месца разгледзець iх, ён усё ж адчуваў свой агарод: з яго цяклi запахi. Гэта паменшыла яго смутак. Пасля падзьмуў вецер, запахлi з-за гумен каноплi, i Тоня Базылькевiч яшчэ мацней пачаў бiць абухам, поўны ўпартай волi працаваць да сёмага поту.
У гэты момант пачуўся з двара скрыпучы голас:
- Дзяндобры, пане Базылькевiч.
Пане Базылькевiч, забыўшыся на недасканаласць сваiх цяперашнiх вачэй, азiрнуўся i нiкога не ўбачыў. Але з голасу ён пазнаў, што дзесьцi ў глыбiнi двара iдзе да яго мельнiк Сымон Бiрыла. Так i ўяўлялася Тоню, што доўгi i тонкi, як прут, Бiрыла, пачухваючы пальцам шыю, шырока сцiбае нагамi дзесьцi яшчэ каля хатнiх сянец.
- Добра здароўе! - абазваўся Тоня i, каб не трацiць марна часу, зноў падняў угару абух.
- Чаго я да цябе, пане Базылькевiч, прыйшоў, - загаварыў Бiрыла, працягваючы Тоню руку.
- Ну чаго?
- Тут, пане-браце, такая загваздка выходзiць, што цi не ўзяўся б ты мне малатарню паправiць?
Тоня Базылькевiч быў добры майстар на такiя рэчы, i душа яго ў гэты момант устрапянулася: калi ўдзень працаваць дома, на сваёй гаспадарцы, то ўночы пры агнi можна пры Бiрылавай малатарнi. А часамi можна i ўдзень часiну ўварваць. Адмовiцца ж ад такой работы нельга, гэта само шчасце iдзе ў рукi чалавеку, гэта жывы заработак! Работа зробiцца, час пройдзе, а заробленыя грошы ён аберне на заняпалую гаспадарку.
- А многа ў самiх работы каля малатарнi?
- Хадзем паглядзiм.
Пайшлi аглядаць. Выявiлася, што там трэба ўстаўляць усе кулакi, самае кола трэба перасыпаць, шасцярню зрабiць зусiм новую, ды i барабан занадта ўжо нешта гайдаецца ў бакi, калi пхнеш яго рукой, - i яго трэба падмацаваць.