Читать «Млечны Шлях (на белорусском языке)» онлайн - страница 8
Кузьма Черный
- Я ледзьве жыву, - абазваўся той, што ў летнiм пiнжаку.
- Бык лёг! - жвава сказаў самы старэйшы.
Дзiўна было: як адразу апанавала яго такое ўзбуджанне.
Бык сапраўды ляжаў.
- На быка! - гукнуў адразу тоўсты ў кажуху. Усе ўчатырох усхапiлiся i пабеглi. Бык устаў i пабег. Учатырох зноў гналiся за iм, выбiваючыся з сiл. Скрозь мерзлае поле, i паабапал зноў дробныя ляскi. Перад iмi зачарнелася пажарышча. Абкуродымленыя печышчы тырчэлi з халодных асмалкаў. Больш як на кiламетр цягнуўся гэты малюнак. Далей бык абмiнуў пагнутую i збiтую з лафета гармату на краi ямы. I зноў пайшло поле. Сонца ляжала на iм чырвоным бляскам. Дзень канчаўся. Беглi яшчэ, пакуль не зачарнелася перад iмi нейкае як бы чалавечае жытло. Тырчэў журавель ад студнi, i добра вiдна была доўгая i нiзкая хата на тры вокны ў падоўжнай сцяне. Крытая гонтай i абгароджаная жэрдзяным плотам хата здавалася сумнаму воку беспрытульнага чалавека дасягнутым шчасцем. I гэта тым больш таму, што гэтыя ўчатырох, пакуль гналiся за рыжым быком, шмат мiнулi ў чыстым полi вялiкiх i малых пажарышчаў, дзе асмалкi тырчэлi з попелу i попел быў як вечны колер сатлелага жыцця. Гэтае чалавечае жытло з'явiлася перад iмi ў пустэчы, як вялiкi дар ласкавага лёсу. Сонца было ўжо над самым заходам, i чырвоныя водблескi яго люстравалiся ў шыбах гэтай хаты. Непадалёку ад агароджы расло некалькi хвояў, выносiстых i азалочаных сонцам. За iмi быў невялiкi лес. На фоне яловай зелянiны вельмi выразна рысавалася запозненая жаўцiзна нейкага дрэва. Была ў агароджы i брама з нiзкiх шчыкетаў стаяком. Брама была адчынена. На адной шчыкецiне ў ёй вiсела звязаная з сiняй шэрсцi жаночая кофтачка. Усе заўважылi яе, як толькi ўбеглi ў браму. Рыжы бык адно мiльгануўся сваiм колерам паўз вокны ў двары, дапаў да сцяны рагамi ў яе i так застыў на месцы. Тоўсты ў кажуху падняў нож, а самы маладзейшы сказаў:
- А можа тут жыве гаспадар яго? - I пайшоў у сенцы, а ўсе за iм. Тоўсты зачынiў толькi браму i азiрнуўся на быка, якi нават i не паварушыўся. Дзверы не былi замкнёны. Клямка паднялася, i ўчатырох увайшлi ў сенцы. Яны былi вельмi прасторныя пры такой хаце i без столi. Адразу быў дах. Праз вакенца, выразанае ў адным бервяне, падаў сноп сонечнага прамення. Святло лiлося яшчэ i з дзiрак па застрэшшу. Гэта было апошняе святло дня перад яго адыходам у вечнасць.
У сенцах быў чалавек, заняты нейкай пiльнай работай. Вельмi можа быць, што ён крыху, а можа i як мае быць прыпалохаўся ад нечаканага з'яўлення гэтых чатырох i схаваўся за пiльнасць работы. Пад нагамi ў яго было пiлавiнне. Ён збiваў з дошак труну, памерам не на дарослага чалавека. Малатком ён заганяў у дошкi старыя адагнутыя цвiкi, спадылба пазiраючы на, здаецца, нежаданых гасцей. Яны маўчалi. Маўчаў i ён. Можа тое, што ён збiваў труну, стрымлiвала ўсiх ад гаворкi. Нават "добры вечар" нiхто не сказаў.
Ён быў драбнатвары, чарнявы, увiшны ў рабоце i жвавы рухам вачэй. Некалькi дзён да гэтага выгалены твар. Валасы на галаве нiзка падстрыжаны. На выгляд год яму было трыццаць. Адзеты ён быў так, як тут, у гэтых месцах, ужо гэтымi часамi не адзявалiся, i гэта адразу заўважыў самы маладзейшы з чатырох, той, што быў у зношанай чырвонаармейскай адзежы. Чалавек, якi рабiў у сенцах труну, быў у шарачковых нагавiцах, зрэбнай кашулi пад кароткай ватоўкай з афарбаванага ў руды колер палатна i ў падшытых скуратом лапцях.