Читать «Млечны Шлях (на белорусском языке)» онлайн - страница 10

Кузьма Черный

З другога канца тапчана стаяў на каленях на зямлi той, з адкiнутымi назад валасамi, i, схiлiўшы галаву, трымаў лоб на канцы тапчана, каля ног мёртвай дзяўчынкi. Тое, што ўвайшлi ў хату i стукалi нагамi, не падняло яго з калень. Ён i не зварухнуўся. Не зварухнулася i дзяўчынка, што сядзела ў галавах нябожчыцы. Той, што рабiў у сенцах труну, на пальчыках падышоў да ўкленчанага чалавека i далiкатна паклаў яму руку на галаву. Ён як бы гладзiў яго па галаве. Цiха ён сказаў:

- Труна гатова.

Чалавек падняўся з калень i ўтрапёным позiркам азiрнуўся. Невядомыя прышэльцы стаялi ля парога i маўчалi. Тоўсты, у кажуху, першы абазваўся:

- Мы прыйшлi па чыгуны.

Чалавек перасмыкнуў сцiснутымi губамi i сказаў да дзяўчыны:

- Ганна, дай людзям чыгуны.

Пакуль Ганна даставала з-пад печы два вялiкiя чыгуны, ён паглядзеў у твар кожнаму i роўным тонам сказаў да ўсiх:

- Калi вы, або каторы з вас напроцi ночы не пойдзе ў дарогу або яшчэ i заўтра будзе тут адпачываць цi як там яму выйдзе, то можа хто з вас, браткi, памог бы мне пахаваць яе. Выкапаць яму трэба, занесцi i зрабiць што трэба.

- Вы ж тут удвух, - абазваўся тоўсты.

Як толькi ён так сказаў, той, што рабiў труну, зiрнуў на яго з маўклiвым дакорам, i ён, з выглядам абвiнавачанага, спусцiў доле вочы. Вельмi ж вiдно было ў гэты момант, якая гэта добрая, мяккая, лагодная натура. Выгляд у яго стаў адразу такi, што яму ўжо як бы i не патрэбна стала чужая дапамога. Ён маўчаў i беспарадна як бы чагосьцi шукаў вачыма ў пустых кутох.