Читать «Маё дзела цялячае (на белорусском языке)» онлайн - страница 8
Кузьма Черный
А як iшлi са сходу, гаварылi вясковыя аб тым, што Кiралейза i Цурубалка некалi прыслужвалi паляцкiм жандарам, Фабiян Свiнкоўскi хацеў iсцi ў партызаны процiў бальшавiкоў. А вясковы Мiхал Папсуй, чалавек ужо стараваты, быў вялiкi багатыр i трымаў некалi багатую краму ў мястэчку. Але пра яго толькi думалi, бо сам ён iшоў тут жа, важна ступаючы i пагладжваючы сваю невялiчкую чорную бародку.
Чуючы гоман, праз светлыя акенцы хатаў выглядалi на вулiцу людзi, стараючыся пазнаць, куды гэта iдуць - на сход цi са сходу.
III
Адзiн раз ноччу замерзла зямля, а назаўтра выпаў глыбокi снег. Яшчэ ранiцою ён ляжаў тоўстаю, белаю пярынаю, а к вечару яго прымялi санямi. Вёска стала зграбнай i чыстай. I стала неяк весялей i шумней у ёй.
Цэлымi днямi чуўся з цёмных гумен дробны стук цапоў, часам чутно было, як звiнiць пiла, гамоняць i смяюцца людзi. Па вулiцы часта цяглiся фурманкi з дзеравам.
А прыцемкам, як пакiдалi малацiць, к абледзянеўшым калодзезям паволi цягнулiся касматыя конiкi, шумна беглi каровы i схадзiлiся з вёдрамi людзi.
I, напаiўшы быдла, доўга яшчэ стаялi i ў розных гутарках праводзiлi на вулiцы сваю "шэрую гадзiну". Потым падыходзiлi яшчэ больш i, як саўсiм цямнела, усяёй грамадой валiлi куды-небудзь у хату.
Часцей за ўсё збiралiся ў Тодара Грыба.
Прыходзiў сюды Мацвей Сцепанец, чалавек малога росту з жоўтым худым тварам. Гаварыў ён скрыпучым голасам i меў вялiкую здольнасць бачыць ва ўсiм бяду.
З'яўляўся высокi, малады яшчэ, Янка Галубовiч; таксама малады i заўсёды вясёлы Хвёдар Казёл. А пазней за ўсiх прыходзiў стары Тарас Смольскi. Збiралася чалавек дваццаць, i кожны раз сядзелi за поўнач.
Адзiн раз было вось што.
Як ужо ўсе былi ў зборы, заскрыпеў дзвярыма Мацвей Сцепанец i, не пераступiўшы яшчэ нават парога, загаварыў з нейкаю калючаю ўсмешкаю ў голасе:
- Гы!.. Далi свабоду; свабода, нечага сказаць! Каб майму ворагу гэтакая свабода.
- Чаму, што? - запыталiся ўсе разам.
- Што?! - заскрыпеў Мацвей. - Даўней пры Мiкалаю старшынёю альбо старастаю хто быў?!. Самы першы багатыр! К яму i даступу не было. А цяпер што?! Тая самая трасца! Хто цяпер у нас у сельсавеце?! Кiралейза з Цурубалкам - самыя "дзедзiчы". Чорт к яму цяпер прыступiцца. Сёння я быў у iх на хутарох, каб дроў як трохi прыдабыць, бо яны размяркоўваюць на сваё вобчаства шэсць кубаў дроў, якiя адпусцiла ляснiцтва цераз iспалком, - а дровы яны ўжо размеркавалi мiж сваiмi шваграмi ды кумамi. А Свiнкоўскi, якi быў там, дык проста сказаў, што багаты больш павiнен даставаць ад "савета", бо ён больш дае прадналогу, чым бедны. Вось табе i тая хвалёная свабода!
- А хто ж вiнават? - запытаўся Юлiк Карнавух.
- Пэўна, што не я, - адказаў Мацвей.
- На нашых людзей яшчэ патрэбен бiзун, - умяшаўся Тарас Смольскi. - Я чуў, што як "iх" выбiралi, дык на сходзе нашых нiкога не было. Усякi ўсё, сукiн сын, хоча, каб нехта за яго. А пэўна, каб нашы ўсе былi, то выбралi б каго-небудзь лепшага.
- I ты ж не быў! - гукнуў нехта з кутка.
- Як бы за мною астаноўка, - засердзiўся Тарас. - Гаворыш чорт ведае што. Што я там адзiн памог бы каму? Ды мне i часу не было - я парсюку катух гарадзiў.