Читать «Доўгi пакой (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Эдвард Хотч

- Ну, як жа, як жа, - адказаў Леапольд з такiм выглядам, нiбыта ўвесь час думаў пра гэтага чалавека. Монiка рэдка ўспамiнала Iмi, а Леапольд бачыў яго не больш двух разоў на сямейных сустрэчах. Але цяпер сам выгляд Iмi, гэты залаты зуб i ўсё астатняе напомнiла Леапольду, што, недзе побач Монiка i што ён можа ў любы момант сустрэцца з ёю.

- Вельмi рады, што вы змаглi прыйсцi, - яшчэ нехта звярнуўся да Леапольда, i той, азiрнуўшыся, убачыў маладых, што вярнулiся з цэнтра залы. Зблiзку Вiкi аказалася сапраўды прыгожай дзяўчынай, якая тулiлася да мужавага пляча, як i належыць сапраўднай маладой.

- Ну, як жа я мог не прыйсцi, - сказаў Леапольд.

- Гэта Тэд, - сказала Вiкi, прадстаўляючы мужа.

Леапольд пацiснуў руку маладога, адзначыўшы ў душы цвёрдасць рукi i прыязнасць вачэй Тэда.

- Наколькi я ведаю, вы - адвакат, - пачаў размову Леапольд.

- Так. Праўда, займаюся ў асноўным грамадзянскiмi справамi, стараюся не звязвацца з крымiнальнiкамi.

Яны пагаварылi яшчэ некалькi хвiлiн, пакуль натоўп гасцей не раз'яднаў iх. Павiнны былi выстаўляць закускi, i найбольш згаладалыя сталi ў чаргу каля сталоў, на якiя падавалiся стравы. Вiкi i Тэд пайшлi да сталоў, каб пачаць усю цырымонiю, а Леапольд узяў яшчэ адзiн бакал пуншу.

- Я заўважыў, што на вулiцы чакае машына, - сказаў, зноў падыходзячы да Леапольда, Фантэйн. - Вы павiнны ехаць на дзяжурства?

- Вось толькi дап'ю бакал i мушу iсцi, - кiўнуў галавой Леапольд.

- Монiка тут, прыехала з Захаду.

- Так, я чуў.

Нечакана пад нацiскам натоўпу з Леапольдам сутыкнуўся хударлявы мужчына з вусiкамi, якi хуценька папрасiў прабачэння. Фантэйн схапiў чалавека за руку i прадставiў яго Леапольду.

- Гэта д-р Фелiкс Тэрзбi. Ён прыехаў сюды разам з Монiкай. Доктар, пазнаёмцеся. Гэта капiтан Леапольд, былы муж Монiкi.

Леапольд нязграбна пацiснуў працягнутую руку, адчуваючы няёмкасць i за новага суразмоўцу, i за сябе.

- Цудоўнае вяселле, - прамармытаў ён. - Вы ўпершыню тут, на Ўсходзе?

Тэрзбi адмоўна пахiтаў галавой.

- Я сам з Нью-Йорка. Але ўжо даўно там не быў.

- Я некалi служыў там у палiцыi, - заўважыў Леапольд.

Яны пагаварылi яшчэ некалькi хвiлiн, i Леапольд пачаў прабiрацца праз натоўп да выхаду.

- Так рана? - спытаў хрыплы незабыўны голас.

- Прывiтанне, Монiка. Колькi часу прайшло...

Леапольд узiраўся ў прыгожую жанчыну сярэднiх год, якая перагарадзiла яму шлях да выхаду. Яна дабавiла крыху ў вазе, асаблiва гэта было бачна па бюсце, у валасах з'явiлася сiвiзна. Толькi вочы ўразiлi i нават крыху напалохалi Леапольда. Такi шалёны позiрк яму даводзiлася заўважаць толькi ў вачах псiхiчна ненармальных злачынцаў.

- Не спадзявалася, што ты прыйдзеш. Думала, пабаiшся мяне, - сказала Монiка.

- Глупства. Чаго мне баяцца?

Зноў зайграла музыка, чарга, нiбыта змяя, пачала нетаропка распаўзацца ад сталоў па зале. Леапольду i Монiцы здавалася, што яны адны сярод пустынi.

- Пройдзем сюды, - сказала яна, - тут мы зможам пагаварыць. - Яна рушыла ў канец залы, агароджанай дзвярамi-гармонiкам. Леапольд, бездапаможна павiнуючыся, пайшоў следам. Монiка адамкнула дзверы i рассунула iх настолькi, каб яны маглi зайсцi ў гэты вольны закутак залы. Потым зачынiўшы i замкнуўшы за сабой дзверы, яна стала да Леапольда тварам. У гэтым пустым пакоi яны засталiся сам-насам.