Читать «Сад у квеценi (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Тарас Ходкевич

- Ну як ты, татка? - бесклапотна, звыкла, як i штодзень, калi прыходзiла з работы, спыталася яна.

- А што мне... З хаты ў двор ды з двара ў хату. Пасядзiш на сонцы ўдзень, яно як быццам i лягчэй. Не туды ўжо гляджу, блiжэй да зямлi хiлюся.

- Нешта ты зусiм размяк, - з ласкавым папрокам сказала Гануля. Зарана паддаўся немачы. Ды i сядзiш у адзiноце, сумна, вядома. Да нас у сад завiтаў бы як-небудзь, тут жа адзiн крок.

- От бо - адзiн крок, - перадражнiў яе бацька. - Чаго я не бачыў там? Вы i без мяне спраўляецеся. Чуў я, як з прыпеўкамi ды смяшынкамi сад даглядаеце.

- Стараемся, - не надаўшы значэння яго апошнiм словам, згадзiлася дачка, - хочам, каб добра было... Рыгор Якубавiч вось часта пытаецца пра цябе...

- Хто гэта? - Антось знаў, аб кiм iшла гаворка, але знарок прыкiнуўся, быццам не памятае такога.

- Аграном наш.

- А-а...

- Кажа: зайшоў бы, але дзядзька Антось штосьцi непрыязны да мяне, гаварыць не хоча. Недалюблiвае, вiдаць.

- Праўду кажа. Недалюблiваю.

- Завошта?

- За тое, што фанабэрыцца, нiбыта ўсё ведае. Матчына малако на губах не абсохла, а ўжо камандуе, як сталы. З акадэмii цi адкуль яшчэ там, падумаеш...

- Дарэмна ты, тата, - запярэчыла Гануля. - Чалавек ён старанны i сумленны. Так, скончыў акадэмiю, а гэта ж значыць што-небудзь! Ясна, нямала ведае i павучыць iншага можа... Ды зiрнуў бы ты, як у нас усё дагледжана ў садзе... Цвету сёлета, як нi ў адну вясну.

- Ладна ўжо... А вось цi ведаеце вы, што халадэча насоўваецца? Ударыць замаразак - i што з вашага догляду...

- А ў нас пасты на ноч ставяцца.

- Пасты-ы... Да ранiцы гулi ў клубе, а потым не разбудзiш. Хiба я не ведаю?

- Ах, дарэчы, - схамянулася Гануля, - мне якраз у клуб трэба збегаць... Павячэраю потым.

Яна зайшла ў другi пакой, выйшла адтуль у цёмным шоўкавым плаццi, наверх якога была надзета ярка-чырвоная, з белымi ўзорчыкамi вязаная кофтачка, пакруцiлася перад люстэркам i шмыганула праз сенцы на вулiцу.

- Бегай, бегай, дзеўчанё, - дабегаешся, - незычлiва праводзячы яе позiркам, уголас вымавiў Антось, хоць у душы адчуваў, што злавацца на дачку не было падставы.

- Ох i бурклiвы ты стаў, бацька, - папракнула яго Прасення, несучы з сенцаў гладыш свежага малака. - Усiм ты незадаволены, да ўсяго чапляешся. Цi ты хочаш, каб i Ганулька сядзела з табой i вохкала, слухаючы цябе? Няхай i пагуляе дзяўчына. Глядзiш - i зяць добры знойдзецца.

- А-а, знойдзецца якi-небудзь ветрагон на тваю галаву.

- Чаму на маю, а твая - дзе?

- Ат, - махнуў рукой Антось. - Давай вячэраць.

Яны моўчкi павячэралi, потым Прасення паслала старому пасцель i, калi ён раздзеўся i лёг, доўга i старанна расцiрала яму спiну. Скончыўшы, пайшла яшчэ завiхацца па гаспадарцы. У хаце стала цiха, чулася толькi шорганне ног Прасеннi, ды аднатонна цiкаў маятнiк гадзiннiка на сцяне. На гадзiннiку былi намаляваны яблынi ў квеценi, але як далёка было гэтаму малюнку да таго, што бачыў Антось у гэтыя днi ў садзе.