Читать «Неспакой (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Тарас Ходкевич

- А чаму? - раптам пытаецца ён. - Чаму? Таму што я вырас на ёй, яна палiта маiм потам, на ёй я збудаваў сваё жыццё перад вайной, за яе я пакутаваў чатыры гады на франтах i бачу зноў яе вольнай i неабдымнай. Вось. Не люблю, хто не разумее гэтага. Не люблю, бо ў таго няма душы, той нiчога не перажыў i не ведае цаны жыццю.

Нейкi момант Цярэшка маўчыць, як бы збiраючы словы, што адпавядалi б пачуццям, потым кажа з адценнем дакору:

- Я ведаю, табе нагаворваюць часам, што з Цярэшкам нялёгка ўжыцца, у Цярэшкi, маўляў, натура нiкудышная. Не. У душу трэба заглянуць, чалавеча. Разумееш? Я неспакойны - гэта праўда, i, можа, нават занадта гарачы, бо не магу шмат гаварыць недарэчы. Але i неспакой мой ад таго, што бачу, як iншы не ўмее цанiць шчасця. Яно даецца яму ў рукi, а ён топча яго нагамi.

Я ўважлiва сачу за бегам думак Цярэшкi i пачынаю глыбей разумець яго. Чалавек, якога многiя лiчаць дзiвакаватым, паўстае перада мной у iнакшым святле.

- Ну адляжаў я ў шпiталi, - кажа ён далей, - вылечылi мяне, дэмабiлiзаваўся. Чатыры з паловай гады не быў дома. Прыязджаю, i сэрца захлынулася радасцю: Зелянцы нашы нейкiм цудам уцалелi, жонка з дзецьмi ў хаце, хоць i нагаравалiся, не дай ты бог. У Зелянцах зноў, як i да вайны, калгас, i кiруе iм мой сусед i сябра Анцiлей - ён быў тут у вайну ў партызанах. Усюды быццам бы парадак. Анцiлей у мяне ў гасцях хвалiцца:

"Бачыш, калгас ледзь не на даваенным узроўнi, на добрым рахунку i ў раёне i ў вобласцi, перадавы, можна сказаць".

"Малайчына, - кажу яму, - iнакш i быць не можа, недарэмна мы так ладна зажылi перад вайной i ў вайну адстаялi родную зямлю i вольнае жыццё на ёй".

Адпачыў я колькi дзён ды вырашыў зiрнуць, што i як у калгасе. Зайшоў на канюшню - жаробная кабыла пала. "Як жа так?" - пытаюся. "Гэта ў нас, - кажуць, - другi выпадак". Заглянуў у свiран - там збожжа пералапачваюць, пачало гарэць у адным засеку. Гляджу далей - на полi сцiрта пшанiцы. Сунуў руку - цеплыня. Ажно горача на сэрцы стала. Нешта, думаю тут не так. Калi яшчэ iшла вайна, Анцiлей, вiдаць, працаваў з усiх сiл, а скончылася - апусцiў рукi, адпачыць захацеў. Не, думаю, так не выйдзе.

Што ты сам сказаў бы на гэта, га? - узнiмае на мяне позiрк Цярэшка. Можа, i трэба было мне гаварыць пра ўсё на праўленнi цi на сходзе, але ж завельмi крыўдна стала. Прыходжу на ток. Трашчыць малатарня. Трактар ледзь пыхкае, мала абаротаў. Пшанiца сырая i палавiна зерня ў саломе. Тут усё i ўскiпела ў мяне. "Дзе Анцiлей?" - крычу, а ён якраз i быў паблiзу. Ну, я развярнуўся з правай рукi i даў яму аплявуху ад усяго сэрца.

"Я будаваў гэты калгас, - думаю сабе, - у iм я жыццё адшукаў. Я снiў яго пад Варонежам, калi побач iрвалiся снарады. Я марыў пра яго пад Берлiнам, дабiваючы фашысцкую гадзiну. Ён мне стаў родны, бо ў iм маё шчасце, а тут, будзь ласкавы, такiя фокусы. Хто-кольвек ужо хiхiкае з-за вугла: "Ага, развал". Хiба ж можна захаваць спакой?"

- Ну, вы ўсё ж памiрылiся з Анцiлеем? - запытваю я, бачачы, што Цярэшка зноў замаўчаў.

- Як табе сказаць, - адказвае ён. - Я прабачэння не прасiў, наадварот, не прамiну сказаць яму праўду ў вочы. Аднойчы ён нават ускiпеў: "Бяры старшынства", - кажа. "Не, - кажу, - старшынi з мяне не атрымаецца, здароўе страцiў на вайне, я i так буду працаваць, а табе ў любы час скажу проста, калi што не так, бо ўсё тут наша, агульнае, кроўнае, а ты чалавек нядрэнны, толькi цябе падштурхоўваць трэба".