Читать «Неспакой (на белорусском языке)» онлайн

Тарас Ходкевич

Приятного чтения!

Ходкевич Тарас

Неспакой (на белорусском языке)

Тарас Хадкевiч

Неспакой

Як слаўна красавiцкiм вечарам стаяць на развiлку палявых дарог i любавацца з узгорка неабдымным прасторам! Захад сонца накладвае пурпуровыя фарбы на край лесу, што цямнее на небасхiле. Палi разлеглiся карычневымi прастакутнiкамi раллi, бледна-жоўтымi плямамi ржышча, зеленаватымi прасцягамi азiмiны, i няма, здаецца, iм канца-краю.

Дзе-кольвек у канавах i ярах яшчэ ляжыць снег, але паводка ўжо адбушавала, пакiнуўшы ў нiзiнах часовыя азёры, у якiх, быццам у вялiзных люстэрках, адбiваецца ружовае неба.

Звiняць ручаi ў вячэрняй цiшынi. Кажуць, гэта вясна бразгае срэбранымi ключамi, адмыкаючы дзверы цёплым вятрам. Ляцяць вятры з далёкага поўдня i нясуць з сабой неўгамонную вясновую сiлу. Скараецца перад iмi зiма, адступае ў невядомыя паўночныя далi, а наўздагон ёй iмчыцца вясёлая пераклiчка пералётных птушак, пяшчотны звон ручайкоў i шэлест маладой зеленi, што шчацiнiцца на сонечных мясцiнах.

Прасякнутае цеплынёй i пахамi адталай зямлi, паветра крыштальна чыстае, i далягляд вырысоўваецца выразна, акрэслена.

- Эх! - вырываецца з грудзей майго субяседнiка. - Шырыня якая!.. Воля!.. Аж дух зацiнае...

То Цярэшка з Зелянцоў.

Ён стаiць, шырока i моцна паставiўшы ногi, нiбы ўросшы ў зямлю, прыземiсты, шыракаплечы, у ссунутай на патылiцу салдацкай вушанцы, у паношанай зялёнай ватоўцы i ў старых салдацкiх ботах, запэцканых суглiнкам. Левая рука з пакалечанай далоняй ляжыць на сяўнi, з якой ён нядаўна рассяваў канюшыну па азiмым жыце, правай жвава размахвае ў такт сваiм словам. Водблiск сонечнага заходу асвятляе яго скуласты твар з адрастаючай бародкай - не то пасiвелай, не то проста бялявай - i вузкiмi шэрымi вачыма.

Я сустракаю Цярэшку не ўпершыню.

Заўсёды, калi заязджаю ў Зелянцы, я або бачу яго, або чую пра яго ад другiх. Ён лiчыцца ў калгасе неспакойным чалавекам, не прамiне ўмяшацца ў любую справу, сунуцца ў любы калгасны закутак. Неўзабаве пасля дэмабiлiзацыi з армii ён пры людзях на таку нанёс абразу старшынi калгаса. Пра гэты яго ўчынак гаварылi доўга i па-рознаму - адны апраўдвалi, iншыя ганiлi, а старшыня, мабыць, i цяпер тоiць у сабе крыўду на блiзкага ў мiнулым сябра, з якiм разам раслi i разам будавалi калгас.

Сам па сабе Цярэшка негаваркi, i цяпер, адчуваючы, што ён хоча нешта сказаць, я радуюся выпадку, не перабiваю яго i стараюся ўсёй сваёй iстотай выказаць увагу. Так часта бывае, што чалавек раскрывае сваю душу нечакана, пад уплывам акалiчнасцей i настрою.

- Дух зацiнае, - паўтарае ён, - ад нейкай нястрымнай радасцi. Вось iду полем, рассяваю канюшыну. Пад нагамi вiльготная глеба са свежай рунню. А навокал - прастор i цiшыня, сонца i жаўранкi, i на сэрцы так радасна, нiбыта крылы за плячыма растуць. Узняўся б на iх i абняў бы ўсю гэтую зямлю - так яна мне люба i дорага.

Твар яго павернуты да мяне, але позiрк накiраваны кудысьцi мiма, удалечыню. Я заўважаю ўсхваляванасць у яго вачах.

- А чаму? - раптам пытаецца ён. - Чаму? Таму што я вырас на ёй, яна палiта маiм потам, на ёй я збудаваў сваё жыццё перад вайной, за яе я пакутаваў чатыры гады на франтах i бачу зноў яе вольнай i неабдымнай. Вось. Не люблю, хто не разумее гэтага. Не люблю, бо ў таго няма душы, той нiчога не перажыў i не ведае цаны жыццю.