Читать «Койданава (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Адам Глёбус

Мне снiцца...

Сны - адзiнае, што належыць мне. Астатняе не маё. Мне належыць толькi тое, што знiкне разам са мной.

...Снiцца Койданава.

На адной з цёткай Пэляй вулiцы жыла панi Петухоўская, яе ўсё Койданава так i называла - панi Петухоўская. Была Петухоўская такая тоўстая, што сядзець на адным крэсле не магла, бо адно крэсла, якое б нi было, хай сабе i дубовае, не вытрымае койданаўскую панi. Калi хто запрашаў да сябе ў госцi Петухоўскiх, то абавязкова ставiў для яе лаву цi крэслы звязваў вяроўкаю, каб, крый Бог, не раз'ехалiся, бо, калi грымнецца на зямлю панi, дык праломiцца зямля i невядома, што будзе. А больш такiх тоўстых у Койданаве не было. Тоўстыя былi, але, каб сядзець на двух крэслах цi займаць палову фотакарткi, на якой засталiся стаяць дзесяць чалавек, такiх тоўстых не было.

А стары Галякевiч такi худы, што праз гэтую худобу на яго казалi палiцай. На пачатку шасцiдзесятых гадоў у койданаўскiх дзяцей палiцай павiнен быў быць абавязкова худы, з вусамi i ў чорным галiфэ. А Галякевiч летам i зiмою насiў чорнае галiфэ, i нават у самую спёку да белай майкi на iм было галiфэ.

Унук яго - Барыс Ладаўшчук (дачка Галякевiча назло бацькам пайшла за насатага, касавокага Ладаўшчука) - быў такi ж худы, толькi што высокi, i галiфэ не насiў, а так - рыхтык стары Галякевiч. З Барысам Ладаўшчуком драма ўтварылася. Сябраваў ён з Жэнiкам Попелам. Купiў Барыс матацыкл, дзед з бацькам дапамаглi, i з'явiўся на нашай вулiцы чорны "К-750" з люлькай, не матацыкл - лялька. Каталiся Барыс з Жэнiкам на той ляльцы i ў лес, i на возера, i на рэчку, i на танцы... Каталiся самi i каталi койданаўскiх дзевак. Каталiся, пакуль не наехалi на тэлеграфны слуп. Жэнiк у люльцы сядзеў, яму адразу смерць, а Барысу хоць бы драпiна якая, было б лягчэй, а так нiчога - нi шнара, нi пералому, а люльку ў гармонiк, i Жэнiкава цела ледзь з таго "гармонiка" дасталi, ледзь у труне выпрасталi. Пахавалi Попела, а Ладаўшчука засудзiлi, далi дзесяць гадоў. Жэнiкавы бацькi прасiць хадзiлi, каб не судзiлi Барыса, бо жывое жывым, а сына з магiлы не падымеш. Перагледзелi ў судзе справу i далi Барысу не дзесяць, а пяць гадоў турмы. Адсядзеў Барыс Ладаўшчук свой тэрмiн, а ў Койданава не вярнуўся. Людзi казалi, што не мог ён сабе Жэнiкаву смерць дараваць, не мог па койданаўскiх вулiцах хадзiць. А стары Галякевiч панi Петухоўскай зусiм iншае гаварыў, быццам ажанiўся Барыс у Казахстане, i добра яму там, вось таму i не едзе ў Койданава. А панi Петухоўская не паверыла старому Галякевiчу. Хто ж такому паверыць, што койданаўскаму хлопцу можа быць добра ў Казахстане, ды так добра, што ў Койданава ён i не паказваецца?