Читать «Койданава (на белорусском языке)» онлайн - страница 6
Адам Глёбус
Другi раз Воўка Кулемiн iкаў на койданаўскай плошчы каля хлебнай крамы.
Па хлеб мы ездзiлi на роварах. У цемнаватай краме пахла дрэвам i кiслай вiльгаццю. Боханы мы прывязвалi да багажнiкаў. Ездзiць па хлеб, напэўна, самы прыемны з абавязкаў койданаўскiх дзяцей. Праўда, было i такое, што каля крамы прападалi ровары, але мой i братаў, Антося Кiсяля, былi такiя дабiтыя, што нiводзiн злодзей не спакусiўся. А вось у Воўкi Кулемiна новы дарожны ровар, якi той пакiнуў каля хлебнае крамы, нехта звёў. Воўка плакаў i гаварыў: "Злаўлю - заб'ю! Злаўлю, заб'ю!" Толькi нiкога ён не злавiў i не забiў, акрамя гадзюкi, якую прыцёг з Бязоднiцы i павесiў на яблынi ў сваiм двары. А Воўкава мацi, Кулемiнава Нiнка, спалохалася, а як даведалася, што Воўка тую змяю павесiў, лупiла яго салдацкiм пасам. Воўка паса не баяўся. Ён i холаду не баяўся - хадзiў зiмою па ваду басанож i не хварэў. I не плакаў Воўка Кулемiн нiколi, толькi ў той раз, як ровар нейкая паскуда павяла. Ён тады сядзеў пасярод плошчы на пяску, i хлеб ягоны ляжаў на пяску, сядзеў Воўка i плакаў, аж пакуль iкаўка на яго не напала. Толькi як стаў ён iкаць, тады падняў хлеб i пайшоў з плошчы.
Снiцца Койданава.
Быў у Койданаве граф, праўда, такi ён граф, як усе астатнiя хлопцы i дзяўчаты былi баронамi i баранесамi, але якi быў, такi быў. Звалi яго - граф Альто. Называць сябе графам ён пачаў яшчэ са школы. Альто расказваў сваiм сябрам па вялiкiм сакрэце, што ён зусiм i не Анатоль Жыдовiч, а граф, i сапраўднае яго прозвiшча - Альто, i што на гарышчы ў старым куфры ён знайшоў паперы, у якiх ясна напiсана, што i бацька яго, i дзед, i прадзед - графы Альто. Папер тых сябры не бачылi, але мянушка ўсё ж прыляпiлася да Анатоля, i ў Койданаве з'явiўся свой граф. Зразумела, каб быць сапраўдным графам, мянушкi мала, патрэбен капiтал. Граф Альто разумеў гэтую простую iсцiну i зрабiў усё, каб мець грошы да свайго самапальнага тытула. Альто скончыў сталiчную вышэйшую навучальную ўстанову i да абароны дыплома звадзiў у загс унучку рэспублiканскага дзеяча культуры. Графа Альто не спынiў нават той факт, што ягоная будучая цешча за месяц да вяселля наведала койданаўскую палiклiнiку i за невялiкi хабар (багатыя вялiкi хабар не даюць) праверыла, цi няма ў будучага зяця якой шызафрэнii цi залечаных пранцаў з менiнгiтам. Нi менiнгiту, нi пранцоў цешча не знайшла. Акрамя хрэстаматыйнай свiнкi "дзюдзi", нiякiя хваробы ў Анатолевым целе не вялiся.
Цешча засталася задаволеная сваiм тайным наведваннем правiнцыйнай палiклiнiкi, пра якое гаварыла ўсё Койданава. Граф Альто пераехаў у Менск i зажыў новым, хай сабе i не вельмi вольным, затое сытым жыццём. У Койданава граф прыязджаў летам, калi ехаў дамоў, як на дачу, каб паесцi любiмых ананасавых яблыкаў. Першыя колькi гадоў усё было цiха i спакойна, але, як высветлiлася, цешча хвалявалася недарма, бо шызафрэнiя, абавязковая графская хвароба (хто не ведае, як выдурвалiся ранейшыя графы?!), прыйшла i да Альто. Спачатку на яе хварэў Анатолеў цесць, адзiны нашчадак рэспублiканскага дзеяча. Цесць, высокi, барадаты, iнтэлiгентнага выгляду - нiколi не скажаш, што хворы, - аднаго разу перапiў армянскага каньяку, узяў стрэльбу i высунуўся ў акно, каб страляць па "ворагах народа". Дзякуй Богу, "ворагаў" на вулiцы не было, бо на вулiцы наогул нiкога не было, была ноч. Цешча выклiкала брыгаду ў белых халатах, i стралка павезлi на адпачынак у кашулi з двухметровымi рукавамi. Сам дзеяч культуры на шызафрэнiю не хварэў, ён у вольны ад працы час пiсаў скалазубныя камедыi на злабадзённыя тэмы i друкаваў iх пад раслiнным псеўданiмам. А на асноўнай працы ён упарта i паслядоўна наблiжаў беларускую мову да вялiкай братняй расейскай мовы. Дзiўна, але койданаўскага графа Альто знакамiты дзеяч рэспублiканскай культуры палюбiў. Але Альто не апраўдаў шчырага даверу, бо быў няздатны браць удзел у мовазнаўчых, а тым больш у палiтычных, гульнях. Наш койданаўскi граф адразу стаў, калi можна так сказаць, графам заняпаду, ён захварэў на манiю падазронасцi. Альто шукаў па начах, хаваючыся ад жонкi i цешчы, шукаў i не знаходзiў апаратуру для падслухоўвання. А як ты знойдзеш тую апаратуру ў прыбiральнi, за ўнiтазам? Нарэшце Альто скемiў, што мiкрафон з магнiтафонам не ў прыбiральнi, а на кухнi ў вентыляцыйным люку, над плiтой. Граф зрабiў дыктавую заслонку i забiў вентыляцыйны люк. У Койданаве спачувалi Толiкавай мацi i шкадавалi Толю Жыдовiча, добрага хлопца, якi так няўдала стаў графам. Як вядома, за ўсё, што набываеш, трэба плацiць. Хто ж ведаў, што за графскi тытул Анатоль Жыдовiч заплацiць розумам, што за тое, каб мець графа, наша Койданава вымушана будзе трываць вар'ята? О, каб жа ведаць наперад!