Читать «Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке)» онлайн - страница 9

Алексей Толстой

- Аап-чхi! - чхнуў Карабас Барабас з такiм шумам, што П'еро адляцеў налева, Арлекiн - направа, а Бурацiна закруцiўся круцёлкай.

- Дзе ты бачыў камiнак, i агонь, i кацялок намаляванымi на кавалку палатна?

- У каморцы майго таты Карла.

- Твой бацька - Карла! - Карабас Барабас усхапiўся з крэсла, узмахнуў рукамi, барада яго разляцелася. - Дык, значыцца, гэта ў каморцы старога Карла знаходзiцца патайная...

Але тут Карабас Барабас, вiдаць, не жадаючы прагаварыцца пра нейкую таямнiцу, абодвума кулакамi заткнуў сабе рот. I так сядзеў нейкi час i глядзеў, вылупiўшы вочы, на пагасаючы агонь.

- Добра, - сказаў ён нарэшце, - я павячэраю недасмажаным трусам i сырымi куранятамi. Я табе дарую жыццё, Бурацiна. Мала таго...

Ён залез пад бараду ў кiшэню камiзэлькi, дастаў пяць залатых манет i падаў iх Бурацiна.

- Мала таго... Вазьмi гэтыя грошы i занясi iх Карла. Пакланiся i скажы, што я прашу яго нi ў якiм разе не памiраць з голаду i холаду i самае галоўнае - не выязджаць з яго каморкi, дзе знаходзiцца камiнак, намаляваны на кавалку старога палатна. Iдзi выспiся i ранiчкай бяжы дадому.

Бурацiна паклаў пяць залатых манет у кiшэню i адказаў з ветлiвым паклонам:

- Дзякую вам, сiньёр. Вы не маглi даверыць грошы ў больш надзейныя рукi...

Арлекiн i П'еро завялi Бурацiна ў лялечную спальню, дзе лялькi зноў пачалi абдымаць, цалаваць, штурхаць, шчыпаць i зноў абдымаць Бурацiна, якi так незразумела пазбег страшнай пагiбелi ў камiнку.

Ён шэптам гаварыў лялькам:

- Тут нейкая таямнiца.

Па дарозе дадому Бурацiна сустракае двух жабракоў - ката Базiлiо i лiсiцу Алiсу

Ранiцай Бурацiна пералiчыў грошы, - залатых манет было столькi, колькi пальцаў на руцэ, - пяць.

Сцiснуўшы манеты ў кулаку, ён, падскакваючы, бег дадому i напяваў:

- Куплю тату Карла новую куртку, куплю многа макавых трыкутнiчкаў, ледзянцовых пеўнiкаў на палачках.

Калi знiк з вачэй балаган тэатра лялек i сцягi, што развявалiся на ветры, ён убачыў двух жабракоў, якiя панура валаклiся па пыльнай дарозе: лiсiцу Алiсу, што кульгала на трох лапах, i сляпога ката Базiлiо.

Гэта быў не той кот, якога Бурацiна сустрэў учора на вулiцы, а другi, таксама Базiлiо i таксама паласаты. Бурацiна хацеў прайсцi мiма, але лiсiца Алiса сказала яму лiслiва:

- Дзень добры, добранькi Бурацiна. Куды так спяшаешся?

- Дадому, да таты Карла.

Лiсiца ўздыхнула яшчэ лiслiвей:

- Ужо i не ведаю, цi застанеш ты жывым беднага Карла, ён зусiм зблажэў ад голаду i холаду...

- А ты гэта бачыла? - Бурацiна разняў кулак i паказаў пяць залатых.

Убачыўшы грошы, лiсiца мiжвольна пацягнулася да iх лапай, а кот раптам шырока расплюшчыў сляпыя вочы, i яны блiснулi ў яго, як два зялёныя лiхтары.

Але Бурацiна нiчога гэтага не заўважыў.

- Добранькi, харошанькi Бурацiна, што ж ты будзеш рабiць з гэтымi грашыма?

- Куплю куртку для таты Карла... Куплю новую азбуку...

- Азбуку, ох, ох! - сказала лiсiца Алiса, кiваючы галавой. - Не давядзе цябе да дабра гэтая навука... Вось я вучылася, вучылася, а - бачыш - хаджу на трох лапах.

- Азбуку, - прабурчаў кот Базiлiо i сярдзiта фыркнуў у вусы. - Праз гэтую праклятую навуку я вочы страцiў...