Читать «Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

Алексей Толстой

- Добры дзень, мяне завуць П'еро... Зараз мы пакажам вам камедыю пад назвай: "Дзяўчынка з блакiтнымi валасамi, або Трыццаць тры разы па карку". Мяне будуць лупцаваць палкай, даваць аплявухi i бiць па карку. Гэта вельмi смешная камедыя...

З-за другога кардоннага дрэва выскачыў другi чалавек, увесь у клетку, як шахматная дошка.

Ён пакланiўся шаноўнай публiцы:

- Добры дзень, я - Арлекiн!

Пасля гэтага павярнуўся да П'еро i даў яму дзве аплявухi, такiя звонкiя, што ў таго са шчок пасыпалася пудра.

- Ты чаго хныкаеш, дурнiца?

- Я сумны таму, што я хачу жанiцца, - адказаў П'еро.

- А чаму ты не ажанiўся?

- Таму што мая нявеста ад мяне збегла...

- Ха-ха-ха, - зайшоўся ад смеху Арлекiн, - бачылi дурнiцу!..

Ён схапiў палку i адлупцаваў П'еро.

- Як завуць тваю нявесту?

- А ты не будзеш больш бiцца?

- Ну не, я яшчэ толькi пачаў.

- У такiм выпадку яе завуць Мальвiна, або дзяўчынка з блакiтнымi валасамi.

- Ха-ха-ха, - зноў зайшоўся Арлекiн i тройчы ўдарыў П'еро па карку. Паслухайце, шаноўная публiка... Ды хiба бываюць дзяўчынкi з блакiтнымi валасамi?

Але тут ён, павярнуўшыся да публiкi, раптам убачыў на пярэдняй лаўцы драўлянага хлапчука з ротам да вушэй, з доўгiм носам, у каўпачку з кутасiкам...

- Глядзiце, гэта Бурацiна! - закрычаў Арлекiн, паказваючы на яго пальцам.

- Жывы Бурацiна! - залямантаваў П'еро, узмахваючы доўгiмi рукавамi.

З-за кардонных дрэў выскачыла мноства лялек - дзяўчынкi ў чорных масках, страшныя барадачы ў каўпаках, калматыя сабакi з гузiкамi замест вачэй, гарбуны з насамi, падобнымi на агурок...

Усе яны падбеглi да свечак, што стаялi ўздоўж рампы, i, углядаючыся, загаманiлi:

- Гэта Бурацiна! Гэта Бурацiна! Да нас, да нас, вясёлы дураслiвец Бурацiна!

Тады ён з лаўкi скочыў на суфлёрскую будку, а з яе на сцэну.

Лялькi схапiлi яго, пачалi абдымаць, цалаваць, шчыпаць... Потым усе лялькi заспявалi "Польку Птушку":

Птушка польку танцавала

На палянцы ў раннi час.

Нос налева, хвост направа,

Гэта полька Карабас.

Два жукi - на барабане,

Жаба дзьме у кантрабас.

Нос налева, хвост направа,

Гэта полька Барабас.

Птушка польку танцавала,

Бо вясёлаю жыла.

Нос налева, хвост направа,

Вось дык полечка была...

Гледачы былi расчулены. Адна мамка нават усхлiпнула. Адзiн пажарнiк плакаў наўзрыд.

Толькi хлапчукi на заднiх лаўках злавалiся i тупалi нагамi.

- Хопiць лiзацца, не маленькiя, працягвайце спектакль.

Пачуўшы ўвесь гэты шум, з-за сцэны высунуўся чалавек, такi страшэнны з выгляду, што можна было здранцвець ад жаху, калi толькi зiрнуць на яго.

Густая нячэсаная барада яго валаклася па падлозе, вылупленыя вочы круцiлiся, велiзарны рот ляскаў зубамi, нiбы гэта быў не чалавек, а кракадзiл. У руцэ ён трымаў сямiхвосты бiзун.

Гэта быў гаспадар тэатра лялек, доктар лялечных навук сiньёр Карабас Барабас.

- Га-га-га, гу-гу-гу! - зароў ён на Бурацiна. - Дык гэта ты перашкодзiў паказу маёй цудоўнай камедыi?

Ён схапiў Бурацiна, занёс у кладоўку тэатра i павесiў на цвiк. Вярнуўшыся, пагразiў лялькам сямiхвостым бiзуном, каб яны працягвалi спектакль.

Лялькi сяк-так закончылi камедыю, заслона закрылася, гледачы разышлiся.