Читать «Жарынка (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Николай Ткачев

- Так, iх жыццёпiс. Кнiга цiкавая. I ўпершыню выйшла ў нас.

- Ось яно шчо... Ну, то не дзiва, чаму йаны ўсхадзiлiся - радасць! Ге, а коб шчэ па-iхняму йана - ото було б падскоку... Добрэ, шчо выйшла. Цi багато йана каштуе?

Я адказаў i, ладкуючы кнiгi ў сетку, спытаў:

- Вы сказалi: Марко - ведаеце яго?

- Бачыла не раз. I тут, i ў сваiм сэле колiсь. Недзе за Прыпяццю на цагельнi цi на тарфоўнi працуе. Там iх, кажуць, цэла купа сэм'яў.

Я разлiчыўся з маладзiцай, развiтаўся i пасунуўся далей, пятляючы ў гаманлiвым людскiм вiры. Наводдаль, у забакавiннi рыначнага панадворку, чуўся звон металёвых вырабаў, ганчарнага посуду, бялелiся самаробныя рэчы з дрэва - i ў гэтую мясцiну, што вабiла мяне з самага прыходу на рынак, я скiраваў сваю хаду. Iшоў, пазiраў на сёе-тое, а думкi адно што снавалi вакол асобы Марко, вакол кнiгi, з-за якой усё i ўсчалося. Прыгода сапраўды адбылася незвычайная, i кожная драбнiца, звязаная з ёй, паўставала цяпер у нейкай новай акрасе, выклiкаючы чароды разваг.

Кнiжку, якая так прынадзiла дзядзьку-цыгана, я i сам, прызнацца, пашукаў нямала. Ведаў, што яна выйшла з друку, ганяўся за ёй, а знайсцi доўгi час нiяк не мог. Дома, у Менску, аблётаў усе кнiгарнi, у iншых гарадах, калi здаралася быць у камандзiроўках, прапытваў, нават склады i базы турбаваў - няма, разышлася. Тое ж пачуў i ў пiнскiх гарадскiх кнiгарнях учора - была нейкая колькасць, ды ўраз знiкла. I вось сёння тут, на гэтым рынку, у малапрыкметным павiльёнчыку, мяне напаткала ўдача.

Звычайны павiльёнчык культтавараў, а кнiг у iм - ажно ахнуў, як пабачыў: амаль цалюткiя тры сцяны застаўлены з нiзу да верху i яшчэ на падлозе, ля стэлажоў, - стосы. Да дзвюх сцен не было як падступiцца замiналi прылаўкi з разнастайнай культтавараўскай кладдзю. Толькi здаля, касавурачыся, пашнарыў я вачамi па палiцах, разбiраючы надпiсы на карэньчыках асобных томiкаў. Затое з кнiгамi, што займалi яшчэ адну сцяну, трэцюю, была мажлiвасць пазнаёмiцца як найлепей. Доступ да iх быў вольны, i я, карыстаючыся гэтым, даволi-такi старанна пакапаўся сярод iх.

"Нiколi не было цябе, Цыганiя" - яна трапiлася мне недзе на нiжняй палiцы, калi я ўжо зацiскаў пад пахай дзве iншыя, раней выбраныя кнiгi. Сцiплая памерамi, але зiхатлiва-ўразлiвая сваёй супервокладкай, яна як бы скаланула мяне, апякла нечым трапятлiва-адчувальным - быццам жарынка, якую я раптоўна выхапiў з попелу занядбанага вогнiшча. Мне верылася i не верылася, што гэта кнiга ў маiх руках. З яе вокладкi на мяне глядзела барвовае, знiзу падсветленае начное неба, глядзелi дрыготкiя трагiчна-вясёлыя зоры, у карагодзе якiх, падобна нейкай iлюмiнацыi, гуллiва, можа нават з гаркаватай iронiяй свяцiлiся-крычалi словы пра лёс Цыганii. Мiжволi апантала на момант уява, нiбыта я стаю пад гэтым небам, стаю адзiн на адзiн. Ад такой уявы рабiлася не па сабе, нешта ўнутры ледзянела. Заспакойвала толькi адно: пояс, шырокi, прыгожы цыганскi пояс. Спускаючыся з вышынь, аднекуль з сусвету, ён, накшталт бяскрайняй дарогi, слаўся па зямлi, слаўся як бы побач, сцвярджаючы сваю спрадвечную iснасць i рэальнасць. Здавалася, я фiзiчна адчуваю яго дотык, яго пушыстую цяплынь, i гэта сагравала, настройвала на добры лад.