Читать «Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)» онлайн - страница 37

Жорж Сименон

- Выйсцi замуж?

- Выйсцi не выйсцi, але з'ехаць.

- I вы гэта збiралiся зрабiць у блiжэйшым часе?

- На днях.

- А з бацькамi вы раiлiся?

- А навошта?

- Значыцца, вы з'ехалi б, не сказаўшы нi слова?

- А чаму не? Што б гэта ў iхнiм жыццi змянiла?

Мэгрэ было ўсё цiкавей слухаць дзяўчыну. Ён нават забыўся на сваю люльку, i яму прыйшлося запальваць яе два разы.

- Скажыце, а калi вы даведалiся, што бацька не працуе болей у Капланаў? спытаўся ён раптам.

Мэгрэ чакаў, што дзяўчына расхвалюецца, але тая, вiдаць, падрыхтавалася да падобных пытанняў. Iнакш растлумачыць яе поўны спакой нiяк было нельга.

- Гады тры назад. Не памятаю дакладна. У студзенi цi лютым.

Фiрму, згадаў Мэгрэ, закрылi ў кастрычнiку.

- А як вы даведалiся?

- Выпадкова. Неяк пад вечар я разносiла квiткi...

- Вы ўжо тады працавалi на вулiцы Рывалi?

- Я пайшла працаваць туды ў васемнаццаць. Дык вось, мне трэба было якраз у той самы дом, у двары якога была бацькава кантора. Было ўжо цёмна, а святло ў ёй не гарэла. Я спыталася ў кансьержкi, у чым прычына, i тая сказала, што фiрма Капланаў закрылася.

- I, вярнуўшыся дамоў, вы нiчога не сказалi мацi?

- Нiчога.

- Чаму?

- Не хацела яго выдаваць. Ён пазбягаў сцэн. А тут пачалiся б такiя разборы...

- Ён баяўся мацi?

- Хутчэй, хацеў, каб яна не чапала яго.

У голасе дзяўчыны чулася пагарда.

- А ў бацькi вы спыталiся, дзе ён цяпер робiць?

- Не.

- Дык вы высачылi яго?

- Высачыла. Назаўтра паехала ў Парыж раней за яго, сказала, што ў мяне тэрмiновая праца, а на вакзале дачакалася ягонага цягнiка. I пайшла ўслед за iм.

- Што ж ён рабiў у той дзень?

- Хадзiў па розных установах. Папалуднаваў булкаю. Потым спынiўся каля дошкi аб'яў. I я ўсё зразумела: ён шукаў працу.

- Але ж ён кожны месяц, як i раней, прыносiў у дом зарплату?

- I мяне гэта вельмi дзiвiла. Я ўсё чакала, калi ён нарэшце прыйдзе дамоў без грошай. А ён замест гэтага неяк нават аб'явiў мацi, што запатрабаваў у Каплана надбаўкi i той яе даў!

- Калi гэта было?

- Прыкладна праз паўгода. У жнiўнi.

- I вы вырашылi, што бацька знайшоў працу?

- Але мне ўсё-такi хацелася праверыць, i я зноў дзень сачыла за iм. А ён i не думаў iсцi нi на якую працу: гуляў па скверы, сядзеў на лаўцы. Я вырашыла, што ў яго выхадны. Праз тыдзень я зноў прасачыла за iм. Тады ён i заўважыў мяне - на Вялiкiх бульварах, калi сядзеў на лаўцы. Ён збляднеў, але, доўга не думаючы, сам падышоў да мяне.

- Ён зразумеў, што вы сачылi за iм?

- Не думаю. Напэўна, вырашыў, што гэта выпадковасць. Была спякота, i ён запрасiў мяне выпiць кавы з марожаным на тэрасе.

- Што ён вам сказаў?

- Што фiрмы Капланаў больш няма, што ён застаўся без працы, але не кажа нiчога мацi, каб не турбаваць яе, бо ўпэўнены, што хутка знойдзе новую працу.

- Ён тады ўжо быў у жоўтых чаравiках?

- Не, я ўбачыла iх на iм пазней, калi ён сказаў мне, што знайшоў працу. Ён дадаў тады яшчэ, што ўсё было цяжэй, чым ён думаў, але цяпер усё выдатна, ён займаецца страхаваннем i ў яго багата вольнага часу.

- А чаму ён не сказаў пра гэта мацi?

- Яна пагарджае людзьмi, якiя, каб зарабiць сабе на жыццё, ходзяць па кватэрах i нешта там прапануюць. Для яе гэта ўсё бадзягi, жабракi. Калi б ён сказаў ёй такое, яна б яго са свету зжыла. I ўсё праз сясцёр...