Читать «Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)» онлайн - страница 35

Жорж Сименон

- Грошы ў яго ёсць?

- Гэты хлопец не ведае.

- Вакзальныя пасты напагатове?

- Вядома.

Цiкава, падумаў Мэгрэ, а што цяпер адбываецца ў Жувiзi? Удава з дачкою i з сёстрамi са шваграмi, напэўна, паабедалi i разважаюць цяпер наконт будучынi панi Турэ i Монiкi...

Швагры, глытнуўшы па кiлiшку, сядзяць цяпер, мабыць, у фатэлях i паляць цыгары. I ўдаве, бадай, чарачку паднеслi - каб узняць тонус.

Цi згадваюць яны нябожчыка? Наўрад цi. Абмяркоўваюць, хутчэй за ўсё, пахаванне. Адзначылi ж, мусiць, што, нягледзячы на залеву, народу сабралася багата?.. Цi ўцямiлi хоць, што гэта перш за ўсё пашана да нябожчыка, якога самi яны так зневажалi?..

Камiсару хацелася б апынуцца цяпер там, асаблiва ж - убачыць Монiку i шчыра пагутарыць з ёю сам-насам. Але дзе ж там пагутарыш сам-насам ды шчыра!..

I выклiкаць яе афiцыйна ў палiцыю няварта было яшчэ.

Падумаўшы, Мэгрэ набраў нумар службовага тэлефона Монiкi Турэ.

- Скажыце, калi ласка, панна Турэ сёння на працы?

- Яна пайшла па сямейных справах, але заўтра... Выбачайце, а хто гэта?

Мэгрэ павесiў слухаўку.

- Сантонi тут?

- Не бачыў з самае ранiцы.

- Пакiнь яму цыдулку, каб заўтра ўранку забраў панну Турэ з працы, як толькi яна прыйдзе ў сваю кантору, i прывёў да мяне. I каб зрабiў гэта далiкатна!

- Прывёў сюды?

- Але, да мяне ў бюро.

- Што яшчэ?

- Больш нiчога! Дайце папрацаваць.

Сыты ён ужо сёння па горла i Луi Турэ, i ягонай сям'ёю, i ягонай жанчынаю! Каб не пачуццё службовага абавязку, ён кiнуў бы зараз жа ўсе свае справы i пайшоў бы ў кiно.

Ён працаваў да сямi гадзiн з такiм iмпэтам, быццам ад ягонай працы залежаў лёс свету. Ён закончыў i давёў да ладу афармленне раней пачатых спраў, тых, што тыднямi, а некаторыя i месяцамi чакалi сваёй чаргi, i нават тых, што практычна не мелi нiякае важнасцi.

Нарэшце ён пайшоў з бюро з пачырванелымi ад доўгага i напружанага чытання-пiсання вачыма.

I тут яму здалося, нiбыта нешта вакол яго перамянiлася. Спачатку ён не мог зразумець, што менавiта. Нарэшце працягнуў руку - i зразумеў: перастаў iсцi дождж.

Камiсар адчуў, што яму ўжо яго не хапае.

6. ЖАБРАКI

Монiка Турэ сядзела ў "клетцы" - так Мэгрэ называў прыёмную. Камiсар даваў ёй "настояцца" - многiя ў гэтай чакальнi гублялi ўпэўненасць.

- Што яна там робiць? - спытаўся Мэгрэ ў Сантонi.

- Нiчога.

- Як у яе настрой?

- Маўчыць. Змрочная.

Iдучы на ранiшнi рапарт, Мэгрэ мiмаходзь зiрнуў на дзяўчыну. Праз паўгадзiны, калi ён вяртаўся ў кабiнет, яна сядзела ў той самай паставе.

З зашклёнай чакальнi было добра вiдаць калiдор аддзялення. Сноўдалi туды-назад iнспектары з пульхнымi папкамi. Правялi арыштаванага ў кайданках, потым - нейкую заплаканую жанчыну. Аднак на дзяўчыну, здавалася, нiшто не дзейнiчала. Яна захоўвала поўны спакой, хоць за гэты час у кабiнет да Мэгрэ выклiкалi ўжо ўсiх наведнiкаў.

Праслухоўванне тэлефона Марыеты Жыбон нiчога не дало: анiводнага званка. Можа, яна што-небудзь западозрыла?

Назiраючы за домам, iнспектар з аддзела нораваў таксама нiчога не заўважыў.