Читать «Трапiзмы (на белорусском языке)» онлайн - страница 15

Натали Саррот

Яна нiколi не змагла б, о не, нiзашто на свеце яна не змагла б, ужо ў тым узросце, выйсцi з крамы, адчуваючы, як ёй глядзяць у спiну, яна не змагла б нават адчынiць дзвярэй, каб выйсцi, з гэтым позiркам, упёртым у самую спiну, з гэтым гандлярчыным позiркам.

Цяпер яна была ўжо дарослая - рыбка вырасце i будзе зусiм вялiкая, - але, час iдзе хутка, ах, як толькi мiнае дваццаць, гады пачынаюць бегчы i бегчы, усё хутчэй i хутчэй, праўда ж? яны таксама так думаюць? - яна сядзела насупраць, у заўсёдным чорным сваiм гарнiтурчыку, якi добра з усiм гарманаваў, - сапраўды, чорны колер апроч усяго iншага заўжды надае гэткую прыбранасць... - яна сядзела, скрыжаваўшы рукi на сумачцы, падабранай пад тон, i ўсмiхалася, кiваючы галавой, з жаласлiвымi вачыма, так, так, вядома, яна чула, ёй расказвалi, яна ведае, як доўга i пакутлiва памiрала iхняя бабка, яна была заўсёды такая моцная, дзiва што - яны ўсе былi не такiя, як мы, у сваiм узросце яна нават нiводнага зуба не страцiла... А Мадлена? Муж у яе... Ах, каб гэтыя мужчыны маглi самi нараджаць дзяцей, дык нiколi больш за аднаго не мелi б, вядома, яны ж нiзашто не згадзiлiся б паўтарыць яшчэ раз, - мацi яму, небарака, заўсёды гэта казала - эх-эх! бацькi, сыны, маткi! - першая ж у iх дачка, а яны так хацелi спачатку сына, не, не, ну, пра гэта яшчэ рана, яна не збiраецца iсцi з хаты, з'ехаць, яна i не думае пакiдаць iх, яна пакуль яшчэ будзе тут, побач з iмi, зусiм побач, як мага блiжэй да iх, вядома, яна разумее, гэта так прыемна, старэйшы - сын, яна кiвала галавой, усмiхалася, о не, каб яна - першая, не, тут яны могуць быць абсалютна спакойныя, яна i пальцам не варухне, о не, яна - не, яна нiколi не зможа ўсё разам так паламаць. Маўчаць; глядзець на iх; i раптам, у самы разгар бабулiнай хваробы узбунтавацца i, прабiўшы жудасную праломiну, выскачыць, абдзiраючыся аб зазубраныя краi, i бегчы, з крыкам, мiма дамоў, што зырацца, прытаiўшыся ўздоўж шэрых вулiц, уцякаць, пераскокваючы праз ногi кансьержак, што дыхаюць свежым паветрам, седзячы на парогу каля дзвярэй, бегчы, раздзiраючы рот, гарлаючы, не сцiхаючы нi на хвiлiну, каб кансьержкi падымалi галовы, забываючыся пра вязанне, i iх мужы апускалi на каленi газеты i ўтароплiвалi ёй у спiну свой позiрк, пакуль яна не паверне за рог.

XXII

Часам, калi яны яго не бачылi, ён мог ласкава, нiбыта шукаючы побач нешта жывое, цёплае, правесцi рукой па буфеце... яны ж не заўважаць, а калi i заўважаць, можа, падумаюць, што ён проста - гэта ж звычайнае i ўвогуле бяскрыўднае дзiвацтва - што ён проста хацеў "пастукаць па дрэве", ад сурокаў.

Калi ён адчуваў, што ззаду за iм назiраюць, ён - як той злачынца ў камедыйным фiльме, якi, адчуўшы спiнай шпегаў позiрк, раптам, бесклапотна завяршае рух ужо занесенай рукi, стараючыся надаць яму натуральнасць i бяскрыўднасць, - ён таксама, каб не выклiкаць у iх падазрэння, стукаў трыма пальцамi правае рукi тры разы - самае дзейснае закляцце ад сурокаў. Але ўсё роўна за iм сачылi цяпер болей, асаблiва пасля таго, як у сваiм пакоi ён быў заспеты за чытаннем Бiблii.