Читать «Забойства на вулiцы Морг (на белорусском языке)» онлайн - страница 9

Эдгар Аллан По

* "Божа мой" (франц.).

Жуль Мiньё, банкiр, фiрма "Мiньё i сыны", вулiца Дэларэн. Ён Мiньё-старэйшы. Мадам Л'Эспанэ валодала сякой-такой маёмасцю. Яна адкрыла ў iх рахунак вясной 18.. года, восем год назад. Часта рабiла ўклады - невялiкiмi сумамi. Чэкi нiколi не выпiсвала, але за тры днi да смерцi асабiста ўзяла з рахунку чатыры тысячы франкаў. Грошы выплацiлi золатам, i iх даставiў на дом служачы банка.

Адольф Лё Бон, служачы банка "Мiньё i сыны", сведчыць, што ў той дзень, пра якi iдзе размова, каля палудня, праводзiў мадам Л'Эспанэ да самага дома i аднёс чатыры тысячы франкаў, якiя былi раскладзены ў два мяшэчкi. Адчынiўшы дзверы, мадэмуазель Л'Эспанэ ўзяла з ягоных рук адзiн мяшэчак, а старая панi другi. Сведка развiтаўся i пайшоў. Нiкога на вулiцы ён тады не заўважыў. Вулiца - бакавая, вельмi цiхая.

Уiльям Бёрд, кравец, сведчыць, што разам з iншымi зайшоў у дом. Ангелец. Два гады, як жыве ў Парыжы. У лiку першых падняўся па лесвiцы. Чуў, як сварылiся двое. Хрыплы голас належаў французу. Змог разабраць некалькi слоў, але ўсiх не памятае. Выразна чуў "Sacre" i "mon Dieu". Словы суправаджалiся шумам, нiбыта змагалiся мiж сабой некалькi чалавек - чулiся шорганне ног, скрогат. Пранiзлiвы голас крычаў вельмi моцна, нашмат мацней, чым хрыплы. Упэўнены, што не ангелец. Хутчэй немец. Можа быць, i жанчына. Сам сведка па-нямецку не разумее.

Чатыры чалавекi на другiм допыце засведчылi, што дзверы спальнi, дзе знайшлi труп мадэмуазель Л'Эспанэ, на той момант, калi туды зайшлi людзi, былi замкнёны знутры. Цiшыня была поўная - нi стогнаў, нi шорахаў. Калi дзверы ўзламалi, нiкога там не ўбачылi. Вокны пакояў, што выходзяць на вулiцу i ў двор, былi апушчаны i наглуха замкнёны знутры. Дзверы памiж двума пакоямi былi зачынены, але не замкнёны. Дзверы з пакоя ад вулiцы ў калiдор былi замкнёныя на ключ знутры. Невялiчкi пакой з вокнамi на вулiцу, на пятым паверсе, той, што ў канцы калiдора, быў незамкнёны, дзверы крыху прачыненыя. Ён быў поўны старых ложкаў, скрынь i iншага хламу. Усё гэта вынеслi i ўважлiва агледзелi. Абшукалi ўвесь дом зверху данiзу, сантыметр за сантыметрам. З дапамогай камiнараў праверылi ўсе дымаходы. У доме пяць паверхаў i яшчэ памяшканнi на гарышчы (mansardes). На дах можна выйсцi праз лаз, але ён быў надзейна забiты цвiкамi - i, вiдаць, шмат год не адчыняўся. Час, што прайшоў памiж тым, як пачулi галасы, i тым, калi адчынiлi дзверы, вызначаецца сведкамi па-рознаму. На думку адных, прайшло ўсяго тры хвiлiны, другiх - цэлых пяць. Каб адчынiць дзверы, спатрэбiлася шмат намаганняў.