Читать «Забойства на вулiцы Морг (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

Эдгар Аллан По

Усё ў кватэры было ў страшэнным беспарадку - усюды валялася паламаная мэбля. У пакоi стаяў толькi адзiн ложак, i з яго сцягнулi i параскiдалi па падлозе пасцель. На крэсле ляжала брытва з акрываўленым лязом. Да камiна прылiплi дзве-тры акрываўленыя тоўстыя пасмы вырваных, вiдаць, з коранем сiвых валасоў. На падлозе знайшлi чатыры напалеандора, адну завушнiцу з тапазам, тры срэбраныя сталовыя, тры чайныя мельхiёравыя лыжкi i два мяшэчкi з залатымi манетамi амаль на чатыры тысячы франкаў. Шуфляды камоды, якая стаяла ў куце пакоя, былi выцягнуты, у iх, вiдаць, корпалiся, але многiя рэчы засталiся на сваiх месцах. Пад пасцеллю (а не пад ложкам) быў знойдзены невялiчкi жалезны сейф. Ён быў адамкнёны, i ў дзверцах яшчэ тырчэў ключ. Унутры нiчога не было, акрамя некалькiх старых лiстоў i iншых нязначных папер.

Ад мадам Л'Эспанэ не засталося нiякiх слядоў, але калi заўважылi ў камiне незвычайна вялiкую колькасць сажы, праверылi дымаход i - якi жах! - выцягнулi адтуль за галаву труп дачкi: значыць, нехта запхнуў яго ў вузкi праход, i даволi далёка. Цела было яшчэ цёплае. Як высветлiлася ў час агляду, скура ў многiх месцах была паздзiраная - несумненна, вынiк таго, што яе гвалтоўна запiхвалi ў комiн. На твары шмат глыбокiх драпiн, на шыi сiнякi i глыбокiя сляды ад пазногцяў, падобна на тое, што нябожчыцу душылi.

Пасля таго як старанна абшукалi ўсе куткi i нiчога больш не знайшлi, усе пайшлi ўнiз у брукаваны дворык за домам, дзе ўбачылi труп старэйшай жанчыны рана на шыi была настолькi глыбокая, што калi паспрабавалi труп падняць, адразу адвалiлася галава. I цела, i галава страшэнна знявечаныя, асаблiва цела, якое было ўжо амаль не падобна на чалавечае.

Як нам вядома, для разгадкi гэтай жудаснай гiсторыi не знойдзена пакуль што нiводнага ключа".

На другi дзень газета паведамiла новыя падрабязнасцi:

"Трагедыя на вулiцы Морг. У сувязi з гэтай неверагоднай i жудаснай аферай (слова афёра не набыло ў Францыi такога фрывольнага сэнсу) дапытаны многiя асобы, але так нiчога i не высветлiлася.

Нiжэй даюцца найбольш iстотныя сведчаннi:

Палiн Дзюбур, прачка, сведчыць, што ведала нябожчыц апошнiя тры гады, прала iх бялiзну. Старая панi з дачкой жылi, вiдаць, дружна, любiлi адна адну. Плацiлi вельмi добра. Наконт таго, за што яны жылi, на якiя сродкi, нiчога сказаць не можа. Лiчаць, што мадам Л'Эспанэ зарабляла на жыццё варажбой. Гаварылi, што грошы ў яе былi. Сведка нiкога чужога ў доме не сустракала - i калi прыходзiла па бялiзну, i калi вяртала яе. Ведае дакладна, прыслугу яны не трымалi. Як ёй вядома, мэбля была толькi на пятым паверсе.

П'ер Маро, уладальнiк крамы па продажы тытуню, сведчыць, што на працягу чатырох гадоў прадаваў мадам Л'Эспанэ тытунь i табаку невялiкiмi порцыямi. Ён нарадзiўся i ўсё жыццё жыў у гэтым квартале. Нябожчыца з дачкой займалi дом, дзе былi знойдзены iх трупы, на працягу больш чым шасцi гадоў. Раней там жыў ювелiр, якi здаваў пакоi на верхнiх паверхах унаймы розным асобам. Дом належаў мадам Л'Эспанэ. Ёй не спадабалася, як кватарант адносiцца да яе маёмасцi, i таму сама пераехала ў дом i адмаўляла ўсiм, хто хацеў зняць той цi iншы пакой. Старая панi здзяцiнела. На працягу ўсiх гэтых год сведка бачыў дачку разоў пяць-шэсць. Абедзве жанчыны жылi надзвычайна адасоблена i, паводле чутак, былi пры грашах. Чуў, суседзi гаварылi, што мадам Л'Эспанэ займалася варажбой - але ён гэтаму не верыў. Нiколi не бачыў, каб хто-небудзь заходзiў у дом, акрамя самой гаспадынi i дачкi, разы два быў прыбiральшчык, восем-дзесяць вiзiтаў зрабiў доктар.