Читать «Сiбiрская аповесць (на белорусском языке)» онлайн - страница 24

Владимир (2) Орлов

Рэпiн-дацэнт тым часам выйшаў на волю, а цыганаваты Сашка вярнуўся на зону: акуратна разабраў у прадуктовай крамцы шыферны дах, украў дзве пляшкi гарэлкi i пару селядцоў, выпiў на мураве проста пад крамнаю сцяной, пажаваў салёны рыбiн хвост i бесклапотна задрамаў на месцы злачынства, дзе i быў праз гадзiну забраны мiлiцыянтамi.

Апошняй прыкметнай падзеяю напярэдаднi вяртання на радзiму сталася нашая па-дзiцячаму дурная бойка - не падзялiлi шчупакоў - з Чэсем Мiкульскiм. Мы бiлiся на беразе старыцы, намагаючыся скiнуць ворага ў прыбярэжную бузу з густым багавiннем. Я перамог, каб потым да заканчэння альма-матэр мучыцца згрызотамi сумлення, бо Чэсь пасля Новага года памёр ад раку, i казалi, нiбыта, едучы ў будатрад, ён ужо ведаў, колькi яму засталося.

Дзесьцi наверсе вырашылi, што збiраць з томскай тайгi ўсю колькiтысячную будатрадаўскую брацiю ў абласным цэнтры небяспечна, i эшалоны фармавалi i адпраўлялi на захад у гарадку Асiна, якому было наканавана перажыць выпрабаваннi, параўнальныя хiба толькi з падзеямi грамадзянскай вайны i замежнае iнтэрвенцыi.

Па-першае, у крамах былi раскупленыя ўсе наяўныя прадукты, у тым лiку - i найперш - каламутнае, як вада з калюжыны, тамтэйшае пiва, дзе, здавалася, ты на ўласныя вочы, без усякiх мiкраскопаў бачыў жывых бактэрыяў i мiкробаў.

Добра, каб гэтую балоцiста-жоўтую каламуць спажывалi адно загартаваныя студэнцкiя галовы i страўнiкi, але ж ёю пачаставалi яшчэ i двух нiштаватых ужо медзведзянятаў, якiх везлi з сабою хлопцы з рыжскага iнстытута грамадзянскай авiяцыi. Ачумеўшы ад пiва, мядзведзiкi ўначы сарвалiся з ланцугоў i ўволю нагойсалiся па чэзлым райцэнтраўскiм парку, дзе на лавачках i проста на траве спалi будатрадаўцы. З дзесятак байцоў пасля той вясёлае ночкi грузiлiся ў эшалоны з забiнтаванымi рукамi i галовамi, а яшчэ з дзесятак доўга заiкалiся. Самi касалапыя мелi выдатны шанец уратавацца, вярнуўшыся ў родную тайгу, ды невядомая цёмная сiла пацягнула iх з парку да райкама партыi, дзе дзяжурны пост мiлiцыi сустрэў бурых дыверсантаў шчыльным загараджальным агнём.

На свой вагон мы ўрачыста пачапiлi лозунг-плагiят з белаярскае зоны пра "честный труд - дорогу к дому".

Дарога дадому выпала галодная, бо цягнiк падоўгу стаяў сярод дзiкай тайгi, а станцыi, дзе згаладнелыя байцы маглi нечага прыкупiць, мiнаў на кур'ерскай хуткасцi. Для Новасiбiрска зрабiлi выключэнне, i прывакзальны пляц стаўся сведкам вiдовiшча, як дзве кроплi вады падобнага да прыступу Зiмовага палаца з рэвалюцыйных фiльмаў: байцы ў зеленкаватай будатрадаўскай форме з разгону караскалiся на высокую прывакзальную браму, збiвалi з яе замок i, не раўнуючы, як экспрапрыятары, ламалiся з пустымi пляцакамi ў магазiны. Эшалону як найхутчэй далi зялёнае святло, i цэлы ўзвод байцоў з напакаванымi заплечнiкамi ўбачыў ад свайго цягнiка толькi зялёны хвост.