Читать «Сiбiрская аповесць (на белорусском языке)» онлайн - страница 22

Владимир (2) Орлов

Хiмiкi iшлi пагрозлiва няспешна. "Дваццаць тры", - падлiчыў, узводзячы куркi, шляхетна спакойны Генiк.

Разам з мужнымi дочкамi сiбiрскае зямлi нас было дзевяць плюс дзве стрэльбы. Дзяўчатам, каб iхнi выгляд залiшне не натхняў гасцей, мы загадалi схавацца ў салуне ў Джона Ячменнага Зярнятка, забяспечыўшы iх дзеля смеласцi пляшкай "777-га".

Амiна наадрэз адмовiлася здаць мужчынам свой баявы шротнiк i засталася побач з намi на ганку.

Хiмiкi, на якiх глядзелi пяць параў вачэй i дзве пары руляў, крокаў за трыццаць ад нас расступiлiся паўкругам, прапускаючы наперад дзядзьку Колю-масквiча. Некаторыя з няпрошаных гасцей былi на добрым падпiтку, аднак мы не ведалi, цешыцца з гэтае прычыны або наадварот: п'яныя маглi палезцi i пад кулi. Сёй-той вiдавочна невыпадкова трымаў правую руку кiшэнi i мог выцягнуць яе адтуль значна раней, чым мы патрапiлi б усiх перастраляць.

Проста сказаць, што я спалохаўся, будзе прымiтыўна i недакладна.

Мне ўспомнiлася нашая бяскрыўдная дзiцячая забава: пастукаць "у кружок" валейбольным мячом. Штораз, калi, прымаючы мяч, даводзiлася адступаць спiнаю наперад, мяне апаноўвала хмельна-вусцiшнае пачуццё бязважкасцi, бо гульня iшла не дзе-небудзь на цёплым пляжным пясочку цi на спартовай пляцоўцы, а на плоскiм, залiтым бiтумам даху нашага полацкага шасцiпавярховiка, i кожная хрыбетка памятала пра высачыню i адчувала яе магнiтнае поле, што з кожным новым крокам да краю ставала стакроць магутнейшым.

Тады, на ганку ў Ягадным, мая хрыбетнiца перажыла такое самае адчуванне смяротнае бязважкасцi.

Апрача таго, хваравiтае ўяўленне за лiчаныя iмгненнi пракруцiла перад вачыма поўнаметражную стужку з парахавым дымам, трупамi, перарэзанымi ад вуха да вуха гарлякамi, выпушчанымi з чэраваў сiнявата-белымi вантробамi i маленькаю Вiкай, якая так i не паспела перавязаць нам ранаў i якую пераможцы з агiдным гiгатаннем бяруць "на хорька", але я гэтага не бачу, бо мая душа ўжо растала ў высокiм блакiце i золаце гэтага дня, а ў ашклянелых вачах адбiваюцца мiкраскапiчныя кедры i асiрацелы, без зрэзанага разам з катамi сцяга, флагшток.

"Эй, студенты! - цяжкавата варочаючы языком, загаварыў дзядзька Коля-масквiч. - Я вот этими руками, - крыху пагойдваючыся на таўстых, як бёрны, нагах, ён растапырыў перад сваiм налiтым злосцю тварам шырозныя далонi з кароткiмi i мясiстымi, бы сардэлькi, пальцамi, - вот этими руками семерых ребят замочил. Для меня зона, что для вас - воля, а химия - так, ни рыба ни мясо, ни тайга ни тундра".

Праваруч мяне, дзе займала абарону Амiна, пачулiся дзiўнаватыя гукi. Я асцярожлiва скасавурыўся: татарка, сцiснуўшы стрэльбу, напаўголаса спявала ваяўнiчую песню свайго народа.

"Слушайте сюда, - казаў далей дзядзька Коля. - Фиксатого отдайте, боксера х...ва, а вас нам и на... не надо..."

Я выцер аб калашыны будатрадаўскiх штаноў узмакрэлыя рукi i падумаў, што сустрэча са смерцю адтэрмiноўваецца. Мы крыкнулi, што фiксатага, гэта значыць Толiка, у доме няма i дзядзька Коля-масквiч можа выслаць да нас двух хiмiкаў-кантралёраў.