Читать «Рэквiем для бензапiлы (на белорусском языке)» онлайн - страница 9

Владимир Орлов

Першага верасня нас заместа заняткаў зноў на два тыднi завезлi ў вёску капаць бульбу. На полi класны першым чынам праверыў у "гусей" вёдры. Гэтым разам абышлося без вынаходак, аднак неўзабаве бабуля, у якой жылi Окарак i кампанiя, абвясцiла, што тыя ўкралi ў яе з шафы пятнаццаць рублёў i бутэльку вiна, i "гусей" адправiлi дахаты. Я тужыў па сваёй Галi i цiха зайздросцiў Юрку, якi цягаў Ларысе вёдры, прыносiў ёй з чужых садоў салодкiя грушы i збiраў на ўзлеску каля бульбянiшча лiловыя букецiкi верасу.

Гэтая iдылiя мусiла мець працяг. Калi мы вярнулiся ў горад, Юрка раскрыў карты: у суботу бацькi з'едуць на летнiк, i Ларыса прыйдзе да яго на пляшку вiна, што ўжо чакае iх у вядомай мне схоўцы. У мяне Юрка папрасiў транзiстар "Акiян", каб злавiць музычны выпуск "Голасу Амерыкi".

З той суботы ў Юркавым лёсе i загучала трагiчная нота. Ранiцою пасля дня "X" я патэлефанаваў яму, але, пачуўшы мой голас, Юрка паклаў трубку i больш не адгукаўся. Я падумаў, што Ларыса яшчэ ў яго, i вырашыў пакiнуць сябра сам-насам з новымi пачуццямi i перажываннямi.

У панядзелак ягонае месца ў класе засталося пустое. Што прычынiлася, калi ён павiнен быў "да канца быць мужчынам", я даведаўся на лавачцы каля Дзвiны толькi праз тыдзень. Усе тыя днi Юрка адседжваўся дома i не падыходзiў да тэлефона. Юркавы вочы правалiлiся, а нос завастрыўся i зрабiўся падобны да дзюбы грака-альбiноса. Памятаю, што ўсе здагадкi круцiлiся ў маёй наiўнай галаве вакол дзвюх асноўных версiяў: iмпатэнцыя i брыдкая хвароба. Насамрэч, здарылася зусiм iншае.

Чакаючы ў тую суботу Ларысу, ён зрабiў вусцiшнае адкрыццё: схоўка за цёмна-зялёнымi тамамi "Сусветнай гiсторыi" была пустая. Хтосьцi з бацькоў знайшоў пляшку i захапiў яе на летнiк. Грошай на яшчэ адну ў Юркi не хапiла. Гонар не дазволiў яму нi адчынiць Ларысе дзверы, нi з'явiцца ў класе. Калi Юрка апавядаў пра гэта, яго калацiла як у лiхаманцы. Мяне дасюль здзiўляе, што ён наогул здолеў расказаць пра сваю драму.

Я не прыдумаў нiчога лепшага, чым засмяяцца i сказаць, што людзей з такiм самалюбствам, напэўна, адзiн на мiльён. Гэта аказалася жудаснай памылкаю, хоць, далiбог, я i сёння не ведаю, як павiнен быў паводзiцца.

Там, на нашай лавачцы над ракой, я гаварыў яшчэ нешта - што Ларыса ўсё зразумее, што ён, Юрка, выключны чалавек, што я веру ў iх каханне i нашае сяброўства. Сустрэўшыся з iм вачыма, я здрыгануўся: ягоны твар зрабiўся мёртвай пагардлiвай маскай. Юрка падняўся i, злёгку пакланiўшыся мне, прамовiў: "Вы свободны, сударь". Я i зараз бачу, як ён, рослы i сутулы, з паднятым каўняром брунатнага плашча, брыдзе па беразе ў сутонне, назаўсёды аддаляючыся ад мяне, i за iм бяжыць абчапляны ваўчкамi здзiчэлы белы дварняк.

Пасля выхадных класны паведамiў, што бацькi перавялi Весялова ў iншую школу.

Потым мы сустракалiся адно выпадкова i нiколi не размаўлялi. Дый што я мог яму сказаць? Што Ларыса "ходзiць", як гэта тады называлася, з Окаркам i што ён заняў у класе Юркава месца каля сярэдняга вакна? Альбо што неяк мы гулялi з Окаркам у настольны тэнiс i, застаўшыся з iм адзiн на адзiн, я з халадком нянавiсцi пад сэрцам удавана абыякавым тонам запытаўся, што ў яго з Жылкiнай, а ён з нахабным спакоем, дапытлiва пазiраючы мне ў вочы i расцягваючы словы, адказаў: