Читать «Рэквiем для бензапiлы (на белорусском языке)» онлайн - страница 11

Владимир Орлов

Перад адыходам я паспеў заўважыць, што адзiн з Юркавых суседзяў не проста спаў, а быў моцна прытарочаны да ложка вяроўкаю. Распускаць марскiя вузлы я на ўсякi выпадак не стаў.

Тады я вёў дзённiк, дзе ўражаннi ад гэтага новага Юркi ўвасобiлiся ў вобразе (думаю, не надта ўдалым i дакладным) зламанага гадзiннiка.

Напэўна, каляндар юнага натуралiста, паводле якога жыў Юркаў пакой, меў шмат святаў, бо праз нейкi час да мяне дайшла чутка, што, ратуючыся ад выключэння, Юрка ўзяў акадэмiчны адпачынак.

Жыццё ўжо даўно круцiла нас па такiх далёкiх арбiтах, што, атрымаўшы на апошнiм курсе лiст з вайсковым штэмпелем, я хутчэй паверыў бы ў тое, што пра маю персону ўспомнiў раптам сам мiнiстр абароны, чым у тое, быццам мне можа напiсаць Юрка Весялоў.

Штэмпель быў маскоўскi, але лiст прыйшоў з Афганiстана.

Можна здагадвацца, у якiх шчамлётках адзiноты i безнадзейнасцi апынуўся Юрка, калi - i гэта з ягоным характарам - называў мяне ў лiсце адзiным сябрам.

Палова тэксту на двух лiстках з вучнёўскага сшытка ў кратку засталася пад беспрасветным цэнзарскiм атрамантам. Найбольш iстотным у ацалелай частцы была згадка пра Валерку Акаркова. Юрка пiсаў, што, калi яму давялося ўпершыню страляць у афганца, ён уявiў перад сабой Окарка.

Мяне дагэтуль кусае сумленне: чаму не адказаў Юрку? Можна ж было напiсаць у Афганiстан i прамаўчаўшы пра Окаркава вяртанне з зоны, як i пра тое, што ён жыў у Ларысы, пакуль праз пару месяцаў зноў не паехаў пад канвоем кудысьцi ў Мардовiю, пасля чаго Ларыса скруцiлася з падазроным тыпам з Задзвiння i ўзялася гандляваць каля Палаца культуры шклозавода пiвам.

Больш салдацкiх лiстоў - нi з маскоўскiм, нi з якiм iншым штэмпелем - мне не прыходзiла.

Фiнал гэтае гiсторыi я магу аднавiць толькi са слоў клiўлендца з двума адарванымi пальцамi, таму мая спроба будзе непазбежна пазначаная пячаткаю суб'ектывiзму. Але ўяўленне малюе апошнiя Юркавы хвiлiны настолькi выразна, што я наважваюся выкласцi сваю версiю на паперы. (Вiдаць, тут прысутнiчае i эгаiстычнае iмкненне пазбыцца сiндрому бензапiлы, бо пасля вечара ў Клiўлендзе я не здольны спакойна чуць яе гук, i лепей не ўспамiнаць, што чынiлася са мною, калi днямi ў нашым двары спускалi стары бераст.)

Заплюшчыўшы вочы, я бачу вечаровую горную цяснiну ў ваколiцах Герата. Бой адгрымеў зусiм нядаўна, i ў паветры яшчэ стаiць пах парахавога дыму. Юрка з туга скручанымi рукамi ляжыць на спiне ў фiялетавым ценю вострай двухгаловай скалы, падобнай да раскрытай драпежнай глюгi. У ногi яму ўпiваецца тонкi шнур, хоць нi бегчы, нi нават паўзцi з раздробленай галёнкаю немагчыма.

Стамлёны, з гарачымi вуглямi гагатавых вачэй камандзiр афганскiх партызанаў ведае цану кожнаму слову i растуляе вусны не болей пяцi разоў. "Жыць хочэш - бэры iслам", - грэблiва перакладае тлумач. Юрка не адказвае, гледзячы ў выцвiлае ад спёкi неба, дзе, быццам зрэнка неабдымнага абыякавага вока, плавае сокал.