Читать «Гамсахурдзiя - наш чалавек (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

Владимир (2) Орлов

Пасьля iнфармацыйнага выпуску круцяць вэстэрн пра iндзейцаў, якi, мусiць, нiдзе, апрача Абх.ССР (цi незалежнай РГ), ня ўбачыш. Фiльм iдзе па-ангельску, унiзе паўзуць гiероглiфы японскiх субтытраў, за кадрам гучыць пераклад то на грузiнскую, то на расейскую, то на нейкую зусiм незнаёмую мову. Напэўна, паказ наладжаны адмыслова дзеля дарагога прэзыдэнта, якi ведае зь дзясятак моваў.

З боку Турцыi хвалi павольна падганяюць два бервяны й яшчэ нешта незразумелае.

Яшчэ адна фiлiжанка за туркаў, i неўпрыкмет я апынаюся ў смузе колеру разбаўленага цынандалi. У ёй пачынае вымалёўвацца нейкая выснова. Вось зараз я ўхаплю яе за хвост, але...

Але ў гэтай залацiста-празрыстай смузе па пляжы - быццам кагадзе сыйшоў з тэлеэкрану - сунецца ў белых штанах генэрал КГБ Алег Данiлавiч Калугiн. Ён без накладной барады й чорных акуляраў i вiдавочна не падобны да зацкаванага людзьмi Гамсахурдзii агента (хай сабе й адстаўнога) варожай дзяржавы. Значыцца, я ўсё ж у Абх. ССР.

- Господин Калугин! - гукаю я, падымаючыся зь бервяна.

Ён ня ўздрыгвае й не палохаецца. Здаецца, яму нават прыемна, што яго пазналi. Генэрал стамiўся безь вядомасьцi, ваюючы на таемных франтох барацьбы зь iмпэрыялiзмам.

- Г-н Калугин! Интервью для белорусской газеты "Наша Нiва"! Первый вопрос: Вы прибыли сюда в качестве агента Кремля?

Генэрал аблiвае нахабу прафэсiйным лiпуча-чэпкiм позiркам i дастае з кiшэнi асадку "паркер". Мяне працiнае: вось стрэлiць зараз якой-небудзь атрутнай стралой...

- Так вы из Минска? - Ён хавае "паркер" у кiшэню. - Что-то вы не очень похожи на белоруса.

Нiякiх дакумантаў у мяне з сабою няма, i замест iх я пачынаю чытаць генэралу верш Рыгора Iванавiча Барадулiна:

Трэба дома бываць часьцей.

Трэба дома бываць ня госьцем...

- Это намек? - пытаецца пiльны спадар Калугiн.

Я прапаную яму разбаўленага цынандалi ймя Боры Гальперашвiлi. Генэрал адмаўляецца. Магчыма, прычына ў тым, што фiлiжанка ў мяне адна, а йсьцi па другую да Боры неахвота.

Банальная iдэя наконт iнтэрвiю ўжо пакiнула мяне.

Ну, пайшоў ён у ворганы адразу пасьля фiлфаку Ленiнградзкага ўнiвэрсытэту (цi не пастукваў, як быў студэнтам?). Ну, сядзеў на "дыпляматычна-журналiсцкай" пасадзе ў ЗША, закупляючы рэдактараў эмiгранцкiх выданьняў. Ну, выдаваў пад псэўдонiмам "О. Кедров" свае кнiжкi, дзе выкрываў акулаў капiталiстычнага сьвету. Ну, ажанiўся зь Людмiлай Вiктараўнай (яна ўжо зьявiлася на даляглядзе й занепакоена наблiжаецца да нас у штанах колеру бэж). Ну, працуе яна, скончыўшы пэдынстытут, у Iнстытуце ЗША й Канады. (Мы й так ведаем, што якраз у пэдынстытутах i рыхтуюць гэткiх спэцыялiстаў.) Усё гэта неiстотна.

Новую фiлiжанку я п'ю за генэрала Калугiна, найлепшага з усiх прадстаўнiкоў ягонага ведамства, якiх я дагэтуль ведаў.

Ён не паказваў мне сваёй корачкi, не выклiкаў мяне ў бюро прапускоў, не казаў пра "нагнетание националистических страстей в некоторых рассказах". Урэшце, нават апазнаў ня ён мяне, а я яго.

За вас, генэрал!

Людмiла Вiктараўна таксама адмаўляецца ад цынандалi, i яны аддаляюцца ўздоўж шампанiстага прыбою. Iхнi ўлюбёны адпачынак - дваццацiкiлямэтровая прыморская прагулянка.