Читать «Гамсахурдзiя - наш чалавек (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Владимир (2) Орлов

З пляшкаю залацiстага цынандалi за восем рублёў, з хачапуры амаль бяз сыру й бяз масла, затое за траячку, i зь фiлiжанкаю з адбiтым вушкам (шклянкi ў Абх.ССР цi ў незалежнай РГ ужо скончылiся) я йду да мора й выбiраю сабе абгладжанае хвалямi й выкiнутае ўрэшце на бераг бервяно.

Шторм быў учора. Сёньня зялёныя хвалi ласкава лiжуць бераг. Раз-пораз пенлiвы язык мора дастае да самага бервяна. Тады каменьчыкi ўспыхваюць i пералiваюцца рознымi колерамi, ды хутка зноў робяцца шаравата-аднатоннымi, i толькi рэдкi зь iх не губляе свае барвы.

Зьверху грэе сонца, зьсярэдзiны - цынандалi, зьнiзу - утульнае цёплае бервяно. Магчыма, яго кiнулi ў хвалi турэцкiя працоўныя, каб дапамагчы працоўным незалежнае РГ (цi Абх. ССР) пераадолець энэргетычны крызыс, якi змушае на ўсiм гэтым абшары (незалежна ад уваходжаньня цi неўваходжаньня ў СССР) з 12-цi да 17-цi вырубаць электрычнасьць.

Але выпiць першую фiлiжанку за турэцкiх працоўных я не магу. Бо ў такiм разе мне нiколi не даруе беларускi паэт, прозьвiшча якога я беспардонна выкарыстаў у размове з Борам Гальперашвiлi.

Першыя глыткi я п'ю за Лёню Дранько-Майсюка. Цяпер мяне грэе ня толькi сонца, бервяно й цынандалi, але i ўспамiн пра Лёню. Гэта ён, Лёня, напiсаў мне на сваёй апошняй кнiжцы аўтограф:

Валодзя, дружа, жарты - жартамi,

Ды трэба й гэткага чакаць,

Што будзем хутка з парыжанкамi

Па-беларуску размаўляць.

Я ня супраць. Праўда, парыжанак мне хочацца замянiць на фiлiжанкi. Тады атрымаецца больш сьцiпла й блiжэй да жыцьця...

Палiтыка на гэтай блаславёнай зямлi прысутнiчае сёньня ва ўсiм, нават у цынандалi.

Калi я п'ю за здароўе турэцкiх працоўных, iмя Леанiда Васiлевiча Дранько-Майсюка ў маёй сьвядомасьцi ўжо цалкам выцесьненае iншым - Зьвiяд Канстанцiнавiч Гамсахурдзiя.

Калiсьцi ён змагаўся за правы чалавека, яго садзiлi, ён нiбыта каяўся, выходзiў на волю, зьбiраў дэманстрацыю й вёў яе да Мцхецкага храму. Насустрач Зьвiяду Канстанцiнавiчу выяжджаў Эдуард Амвросiевiч Шэварднадзэ, якi, сеўшы ў крэсла першага сакратара грузiнскага ЦК, перасаджаў, кажуць, 30 тысяч гэтак званых спэкулянтаў i ценевiкоў, за правы якiх, называючы iх прадпрыймальнiкамi, ваюе цяпер у "Движении демократических реформ".

А тады верны ленiнец, брэжневец i андропавец Шэварднадзэ, раскрылiўшы рукi, iшоў насустрач дэманстрантам.

- Чаго ты хочаш, сынок? - пытаўся ён у Гамсахурдзii, спрабуючы абняць яго.

- Нiякi я табе не сынок, - хмурна абзываўся сын клясыка грузiнскае лiтаратуры дысыдэнт Зьвiяд. - У мяне адна мацi - Грузiя, i ты яе прадаў.

Гамсахурдзiю зноў садзiлi, i ўсё паўтаралася. Пра гэта распавядаў мне гадоў дзесяць таму знаёмы грузiнскi мастак - памiж злоснай антысавецкаю показкай пра тое, як Брэжнева вадзiлi па Эрмiтажы (Вось, Леанiд Iльлiч, Гоя, а вось "Дзяўчынка на шары" Пiкаса. - А гэта што за малпа? - А гэта, Леанiд Iльлiч, люстэрка. - А-а, Таркоўскi...), i блюзьнерскай показкай пра тое, як Гiвi намаляваў мадону, аднак "слишком балшой малчык палучился".

Першая пляшка цынандалi, як i часiны застою, калi яна каштавала ня больш за два рублi, ужо сталася гiсторыяй.