Читать «Вайна культураў, альбо Пiрамiда Хеопсу за мурам Мiрскага замку (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Валентин Окудович

Мы ўсё яшчэ пераважна мысьлiм катэгорыямi эпохi вайны культураў. I не жадаем заўважаць, што ў прасторы камунiкатыўна адкрытага грамадзтва гэтая вайна заканчваецца татальнай паразаю самой вайны. Але з гэтай нагоды я не сьпяшаўся б пляскаць у ладкi, бо вайна культураў была тым мэханiзмам, якi забясьпечваў функцыяваньне асобных культураў. А без гэтага мэханiзму рана цi позна ўсе культуры будуць пераможаныя нечым, што мы ўмоўна называем мэтакультураю: тым, што будзе мець усе прыкметы культуры, але ня будзе iдэнтыфiкавацца нi зь якою культурай канкрэтна, нi, у традыцыйным разуменьнi, з культурай увогуле.

Асноўная характарыстыка традыцыйнага культурнага знаку палягае на яго трывалай зафiксаванасьцi ў кантэксьце нацыянальнай цi сусьветнай культуры. У адрозьненьне ад традыцыйных знакаў культуры, знакi мэтакультуры пазбаўленыя трывалай фiксацыi i нечым апрычонага кантэксту (хаця кожны зь iх мае свой "адрас" i свой "атэстат"), бо ў сытуацыi камунiкатыўна адкрытага грамадзтва ўсе культурныя прасторы, праз разгалiнаваныя i эфэктыўныя камунiкатыўныя сродкi, зыходзяцца ў адзiн кантынуум. I разам з культурнымi прасторамi ў гэтую ямiну кантынууму скочваюцца ўсе знакi ўсiх культураў, ды яшчэ з такой хуткасьцю, што iх цяжка адрасна разрозьнiць, зрэшты i няма ў гэтым сэнсу, бо пакуль будзеш кадыфiкаваць адзiн зь iх, яго заслоняць дзясяткi iншых.

Хуткасьць культурных экспансiяў, калейдаскапiчная множнасьць i рознавэктарнасьць iх тэндэнцыяў анiгiлююць агрэсыўную сутнасьць самой культурнай экспансii. Да таго ж электронныя сродкi iнфармацыi, якiя робяцца дамiнуючымi ў транспартацыi знакаў культуры, падчас працэсу транспартацыi кастрыруюць культурны знак (такая iх тэхналягiчная прырода), гэта значыць вымыкаюць зь яго iдэнтыфiкат (такая iх сацыяльная задача), бо толькi пазбавiўшы iдэнтыфiкату, можна прыстасаваць культурны знак да патрэбаў масавага спажыўца. Таму мне падаюцца няўзважанымi турботы тых, хто непакоiцца, што ўладальнiкi асноўных камунiкатыўных сродкаў (i ў прыватнасьцi iнтэрнэту), будуць праз сваю ўладу экспансаваць знакi таго цi iншага культурнага коду i такiм чынам сфармулююць культурную iмпэрыю, якая праглыне ўсе iншыя культуры. Зрэшты, калi б падобнае i здарылася, то з гледзiшча нашых традыцыйных каштоўнасьцяў, гэта было б яшчэ не найвялiкшай бядою, бо тады мы мелi б хоць адну - вартую нашых традыцыйных уяўленьняў - культуру. Сапраўдная бяда (для тых, хто лiчыць культуру за каштоўнасьць) у тым, што празь нейкi час (i гэта зусiм верагодна) мы ня будзем мець нiякай культуры - нiякай у яе традыцыйным разуменьнi, а будзем мець культуру без культуры, культуру, якую будзе немагчыма iдэнтыфiкаваць нават адносна самой сябе.