Читать «Вайна культураў, альбо Пiрамiда Хеопсу за мурам Мiрскага замку (на белорусском языке)» онлайн

Валентин Окудович

Приятного чтения!

Окудович Валентин

Вайна культураў, альбо Пiрамiда Хеопсу за мурам Мiрскага замку (на белорусском языке)

Валянцiн Акудовiч

Вайна культураў, альбо Пiрамiда Хеопсу за мурам Мiрскага замку

Мiлажальнасьць культуры - гэта казка для дарослых. Культуры больш агрэсыўныя, чым iх носьбiты - народы (гэта аднолькава пасуе i для беларускай культуры). Калi ў войнах памiж народамi хоць зрэдчас здараюцца перапынкi, то ў войнах культураў перапынкаў не бывае. I таму ў войнах культураў - культураў загiнула болей, чым загiнула народу ў збройных войнах народаў.

Не заўсёды i зусiм неабавязкова чужая культура прыносiцца на штыках i штыкамi ўсталёўваецца. Да прыкладу расейская культура з уласнае волi да панаваньня зьнiшчыла iншых культураў нашмат больш, чым усе войскi Расейскай iмпэрыi зьнiшчылi iншых войскаў. (У Расеi сталася амаль iдэаматычным выказваньне: на прасторах нашай краiны жыве больш за сто народаў i народнасьцяў. Ня будзем зьвяртаць увагi на тое, што дакладную колькасьць народаў i народнасьцяў нiхто i нiколi ў Расеi нават не зьбiраўся лiчыць. Зьвернем толькi ўвагу на тое, што для гэтых "больш за сто народаў i народнасьцяў" дамiнуючай, а пераважна i адзiнай культурай зьяўляецца расейская).

Дык вось, калi запытацца чаму сёньня большасьць беларусаў не iдэнтыфiкуе сябе зь беларускаю культураю, то адказ будзе наступным: таму што ўжо безьлiч гадоў нi на хвiлiну не спыняецца вайна расейскай культуры зь беларускай, у вынiку якой апошняя апынулася амаль усьцяж пераможанаю. I, бадай, найтрагiчным у гэтай паразе была параза беларускай мовы.

Мова - той азонавы слой, якi дазваляе больш-менш устойлiва функцыянаваць, разьвiвацца i нарошчваць свой патэнцыял усiм астатнiм чыньнiкам культуры нават у неспрыяльных для яе палiтычных, эканамiчных i сацыяльных умовах. Вядома, у гэтым азонавым слаi кожнай культуры сёньня шмат дзiрак, але ў нас ён зьнiшчаны амаль зуiсм, ад яго засталiся адно лахманы, якiя ўжо не засланяюць цела нацыянальнае культуры як ад сьцюдзёных вятроў культуры расейскай, так i ад касьмiчнага холаду мэтакультуры камунiкатыўна адкрытага грамадзтва.

Уласна, толькi цяпер, згадаўшы пра "касьмiчны холад мэтакультуры", мы падыходзiм да той праблемы, дзеля якой i ствараўся гэты тэкст. Сфармулюем праблему наступным чынам: камунiкатыўна адкрытае грамадзтва iснуе як рэальная пагроза незавершаным у сваiм фармаваньнi нацыянальным культурам. Падкрэсьлiм: не асобныя фрагмэнты, функцыянаваньня грамадзтва камунiкацыяў, а яно само, цалкам, як падзея сучаснай цывiлiзацыi. Гэта i ёсьць найактуальная i найдраматычная праблема культуры.

Вiдавочна, што сёньня за найвыразны сымболь i атрыбут камунiкатыўна адкрытага грамадзтва выступае iнтэрнэт. Але iнтэрнэт - гэта пакуль толькi адна з найноўшых формаў зьмяншэньня дыстанцыi памiх чалавекам i падзеяй быцьця ва ўсiх верагоднамагчымых прасторах (улучна зь вiртуальнай). Распачыналася гэта з паравозу i чыгункi, а працягвалi сьцiскаць прастору - тэлеграф, аўтамабiль, тэлефон, самалёт, радыё, тэлевiзар, кампутар i шмат што яшчэ.