Читать «Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь ад 15 сакавiка 1994 года (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

неизвестен Автор

Артыкул 7. Дзяржава, усе яе органы i службовыя асобы звязаны правам, дзейнiчаюць у межах Канстытуцыi i прынятых у адпаведнасцi з ёю законаў.

Прававыя акты або iх асобныя палажэннi, прызнаныя ва ўстаноўленым законам парадку супярэчнымi з палажэннямi Канстытуцыi, не маюць юрыдычнай сiлы.

Нарматыўныя акты дзяржаўных органаў публiкуюцца або даводзяцца да ўсеагульнага ведама iншым прадугледжаным законам спосабам.

Артыкул 8. Рэспублiка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права i забяспечвае адпаведнасць iм заканадаўства.

Не дапускаецца заключэнне мiжнародных дагавораў, якiя супярэчаць Канстытуцыi.

Артыкул 9. Тэрыторыя Рэспублiкi Беларусь з'яўляецца натуральнай умовай iснавання i прасторавай мяжой самавызначэння народа, асновай яго дабрабыту i суверэнiтэту Рэспублiкi Беларусь.

Тэрыторыя Беларусi адзiная i неадчужальная.

Тэрыторыя падзяляецца на вобласцi, раёны, гарады i iншыя адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльныя адзiнкi. Адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльны падзел дзяржавы вызначаецца законам.

Артыкул 10. Грамадзянiну Рэспублiкi Беларусь гарантуецца абарона i заступнiцтва дзяржавы як на тэрыторыi Беларусi, так i за яе межамi.

Нiхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублiкi Беларусь або права змянiць грамадзянства.

Грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь не можа быць выдадзены замежнай дзяржаве, калi iншае не прадугледжана мiжнароднымi дагаворамi Рэспублiкi Беларусь.

Набыццё i страта грамадзянства ажыццяўляюцца ў адпаведнасцi з законам.

Артыкул 11. Замежныя грамадзяне i асобы без грамадзянства на тэрыторыi Беларусi карыстаюцца правамi i свабодамi i выконваюць абавязкi нароўнi з грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь, калi iншае не вызначана Канстытуцыяй, законамi i мiжнароднымi дагаворамi.

Артыкул 12. Рэспублiка Беларусь можа надаваць права прытулку асобам, якiя церпяць пераслед у iншых дзяржавах за палiтычныя, рэлiгiйныя перакананнi або нацыянальную прыналежнасць.

Артыкул 13. Дзяржава надае ўсiм роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай i iншай дзейнасцi, акрамя забароненай законам, i гарантуе роўную абарону i роўныя ўмовы для развiцця ўсiх форм уласнасцi.

Дзяржава ажыццяўляе рэгуляванне эканамiчнай дзейнасцi ў iнтарэсах чалавека i грамадства.

Законам могуць быць вызначаны аб'екты, якiя знаходзяцца толькi ва ўласнасцi дзяржавы, а таксама замацавана выключнае права дзяржавы на ажыццяўленне асобных вiдаў дзейнасцi.

Артыкул 14. Дзяржава рэгулюе адносiны памiж сацыяльнымi, нацыянальнымi i iншымi супольнасцямi на аснове прынцыпаў роўнасцi перад законам, павагi iх правоў i iнтарэсаў.

Артыкул 15. Дзяржава адказная за захаванне гiсторыка-культурнай спадчыны, свабоднае развiццё культур усiх нацыянальных супольнасцей, якiя пражываюць у Рэспублiцы Беларусь.

Артыкул 16. Усе рэлiгii i веравызнаннi роўныя перад законам. Наданне якiх-небудзь пераваг або абмежаванняў адной рэлiгii або веравызнання ў адносiнах да iншых не дапускаецца.

Забараняецца дзейнасць канфесiйных арганiзацый, iх органаў i прадстаўнiкоў, якая накiравана супраць суверэнiтэту Рэспублiкi Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу i грамадзянскай згоды цi звязана з парушэннем правоў i свабод грамадзян.