Читать «Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь ад 15 сакавiка 1994 года (на белорусском языке)» онлайн
неизвестен Автор
Приятного чтения!
Автор неизвестен
Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь ад 15 сакавiка 1994 года (на белорусском языке)
Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь
Прынята на трынаццатай сесii Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь дванаццатага склiкання 15 сакавiка 1994 года
Мы, народ Рэспублiкi Беларусь (Беларусi),
зыходзячы з адказнасцi за цяперашнi стан i будучыню Беларусi,
усведамляючы сябе паўнапраўным суб'ектам сусветнага супольнiцтва i пацвярджаючы сваю прыхiльнасць да агульначалавечых каштоўнасцей,
грунтуючыся на сваiм неад'емным праве на самавызначэнне,
абапiраючыся на шматвяковую гiсторыю развiцця беларускай дзяржаўнасцi,
iмкнучыся зацвердзiць правы i свабоды кожнага грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь,
жадаючы забяспечыць грамадзянскую згоду, непахiсныя ўстоi народаўладдзя i прававой дзяржавы,
прымаем гэту Канстытуцыю - Асноўны Закон Рэспублiкi Беларусь.
РАЗДЗЕЛ I.
АСНОВЫ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА ЛАДУ
Артыкул 1. Рэспублiка Беларусь - унiтарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава.
Рэспублiка Беларусь валодае вяршэнствам i паўнатой улады на сваёй тэрыторыi, самастойна ажыццяўляе ўнутраную i знешнюю палiтыку.
Рэспублiка Беларусь абараняе сваю незалежнасць i тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць i правапарадак.
Артыкул 2. Чалавек з'яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства i дзяржавы.
Дзяржава адказная перад грамадзянiнам за стварэнне ўмоў для свабоднага i годнага развiцця асобы. Грамадзянiн адказны перад дзяржавай за няўхiльнае выкананне абавязкаў, якiя ўскладзены на яго Канстытуцыяй.
Артыкул 3. Адзiнай крынiцай дзяржаўнай улады ў Рэспублiцы Беларусь з'яўляецца народ. Народ ажыццяўляе сваюўладу непасрэдна i праз прадстаўнiчыя органы ў формах i межах, вызначаных Канстытуцыяй.
Любыя дзеяннi па дасягненню дзяржаўнай улады гвалтоўнымi метадамi, а таксама шляхам iншага парушэння законаў Рэспублiкi Беларусь караюцца згодна з законам.
Артыкул 4. Дэмакратыя ў Рэспублiцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасцi палiтычных iнстытутаў, iдэалогiй i поглядаў.
Iдэалогiя палiтычных партый, рэлiгiйных або iншых грамадскiх аб'яднанняў, сацыяльных груп не можа ўстанаўлiвацца ў якасцi абавязковай для грамадзян.
Артыкул 5. Палiтычныя партыi, iншыя грамадскiя аб'яднаннi, дзейнiчаючы ў рамках Канстытуцыi i законаў Рэспублiкi Беларусь, садзейнiчаюць выяўленню i выказванню палiтычнай волi грамадзян, удзельнiчаюць у выбарах.
Палiтычныя партыi i iншыя грамадскiя аб'яднаннi маюць права карыстацца дзяржаўнымi сродкамi масавай iнфармацыi ў парадку, вызначаным законам.
Забараняецца стварэнне i дзейнасць палiтычных партый, а таксама iншых грамадскiх аб'яднанняў, якiя маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу цi вядуць прапаганду вайны, нацыянальнай, рэлiгiйнай i расавай варожасцi.
Артыкул 6. Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканадаўчай, выканаўчай i судовай. Дзяржаўныя органы ў межах сваiх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнiчаюць памiж сабой, стрымлiваюць i ўраўнаважваюць адзiн аднаго.
Артыкул 7. Дзяржава, усе яе органы i службовыя асобы звязаны правам, дзейнiчаюць у межах Канстытуцыi i прынятых у адпаведнасцi з ёю законаў.