Читать «Чыя праўда (на белорусском языке)» онлайн - страница 2
Якуб Колас
- Лепш зусiм не мець жалудоў, чым мець iх дзеля свiной уцехi, - адказаў стары, - а я ўсё ж такi хачу перасцерагчы вас. Ужо колькi гадоў кажу вам аб гэтым, але вы не слухаеце. Ну, што ж? Тым горай будзе для вас, тым цяжэй будзе зiрнуць у твар няшчасцю.
- Ну i натура ў цябе, бацька дуб! От як улёг у адно i тое, - дык мелеш i мелеш, i губа табе нiколi не зачыняецца. З кiм не бывае бяды? От мы стаiмо тут, а заўтра можа загрымець гром, лясне пярун - i няма нас! Цi мала якiя могуць быць выпадкi? Што варажыць аб тым? Што паможа, калi мы ўсе пачнем гiбець тут, як ты? Я не бачу бяды, мне весела, бо i ўсiм тут весела; я хачу спяваць i, каб мог, дык выскачыў бы з грунту i пайшоў бы ўпрысядкi.
I дуб, якi гаварыў гэта, пачаў уздымаць то адзiн, то другi сук, нiбы i папраўдзе рыхтаваўся пайсцi ўпрысядкi.
- Маладзец! Маладзец! - падбадзёрвалi яго другiя дубы. - От зрэзаў старога, дык зрэзаў! Што ён цяпер скажа?
- А я скажу, што вы сляпыя i ў слепаце сваёй шчаслiвыя. Я кажу не пра такiя неспадзевы. Гэта праўда, што шмат чаго мы не прадчуваем i недабачваем. Праўда i тое, што кожная хвiлiна можа прынесцi нам згубу. Вас можа ссеч сякера людская, можа якi-небудзь жэўжык-пастушок выпалiць нутро... Што ж, усё гэта бывае. Але зiрнiце трохi далей, гляньце на тую стужку блiскучай вады, што так зграбна апяразвае лес. Я блiжэй стаю да яе i больш бачу за вас. Усё дно яе выслалi дубовыя трупы. Некалi i яны былi здаровымi, крэпкiмi, радаснымi. А дзе яны? Дзе нашы сябры, разложыстыя, тоўстыя дубы? Дзе той дуб-велiч, што заглядаўся на прыгожую рэчку i смяяўся са злосцi бур i вятроў? Зiрнiце вакол дзе яны? I цi не тая самая доля чакае ўсiх нас?
Гэта была праўда. I змоўклi вясёлыя дубы, i вялiкi смутак агарнуў iх. Змоўклi радасныя iх спевы, шэпты, жаласна зашумелi верхавiны.
- Ну, нашто ты адабраў ад iх радасць, дуб-бацька, - спытаў старога яго прыяцель, - раскрыўшы iм вочы?
- Лепш быць няшчасным, але вiдушчым, чымся шчаслiвым, ды сляпым, - адказаў дуб.