Читать «У чым iх сiла (на белорусском языке)» онлайн - страница 3
Якуб Колас
Вось цяпер Чы-Лiн узяўся за работу. Ён закiдаў новыя мыслi ў птушыныя галовы, мыслi аб тым, каб завесцi новы лад сярод птаства, каб не давацца больш у крыўду драпежнiкам. Усюды ён знаходзiў спачуванне, i ўсё птаства з ахвотаю згадзiлася з Чы-Лiнам, што трэба сабраць агульны сход.
Сход адбыўся на прыгуменнi. Тут было прасторна. На прыгуменнi стаяў i азярод, дзе вельмi добра было рассесцiся птушкам. Некаторы час быў шум, i трудна было пачуць, хто што гаворыць.
- Цiха! - крыкнуў Чы-Лiн.
Усе сцiхлi.
- Грамадзяне! Прашу захоўваць парадак, бо так мы патрацiм час i наш сход не зможа нiчога зрабiць. Выберам раней старшыню, каб ён правёў сход. Са свайго боку, я прасiў бы выбраць за старшыню Цiпа.
- Цiп! Цiп! Цiп! - зашумелi птушкi.
Певень прыняў яшчэ больш важную паставу. Стоячы на шуле, ён моцна замахаў крыллямi i падзякаваў за гонар моцным "ку-ка-рэ-ку". Затым ён сказаў:
- Абвяшчаю наш сход адкрытым. Слова мае Чы-Лiн.
- Просiм! Просiм! - загаманiлi птушкi.
Чы-Лiн выступiў.
- Грамадзяне! Усiм вам вядома, пад якiм страхам жывём мы. Залятаюць з лесу ястрабы i каршуны: цягаюць нашага брата. Чаму? А таму, што мы жывём кожны па сабе, не думаем аб другiх, не дапамагаем адзiн другому. Давайце ж будзем жыць у згодзе, давайце арганiзуем калектыў i завядзём такi парадак, каб у нас былi вартаўнiкi. Вартаўнiкi пададуць знак, калi дзе пакажацца драпежнiк, i мы ўсе будзем ведаць пра бяду i не дапусцiм яе на двор. Апрача гэтага, нам трэба мець войска - адбiваць драпежнiкаў.
- Ура! Ура! - закрычала варона.
- Так-так-так! - азвалася качка.
- Брава! Брава! - крыкнуў шпак.
- Жывi, Чы-Лiн! Жывi, Чы-Лiн! - з усiх канцоў шчабяталi вераб'i.
- Кока! Ко-о-о-ка! - пахвалiлi Чы-Лiна куры.
Так i зрабiлi. Паставiлi варту, сабралi войска. Ластавачкi павiнны быць на варце i падаваць умоўны знак, калi будзе якая небяспека.
- Рэпетыцыю! Рэпетыцыю! - закрычала ластавачка.
Папрабавалi зрабiць рэпетыцыю. Калi сход скончыўся i ўсе разышлiся па сваiх справах, вартаўнiк-ластавачка крыкнула з-пад лесу:
- Цу-пу-цуф! Цу-пу-цуф!
У адзiн момант другiя ластавачкi перадалi гэты крык па ўсiм двары, а птушкi зараз жа падрыхтавалiся да абароны.
- Шыкарна! Шыкарна! - казала сарока.
I вось калi назаўтра сапраўды вылецеў з лесу ястраб, то не паспеў ён праляцець i паўдарогi да двара, як яго спаткала моцнае птушынае войска. Адна варона так дзюбанула нягоднiка, што аж пер'е пасыпалася, i ён больш нiколi не паказваў сюды носа.
I стала спакойна, вольна жыць цяпер птушкам. А дрозд спяваў:
- Сiла ў калектыве! Сiла ў калектыве!