Читать «У чым iх сiла (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Якуб Колас

Параiўшыся з жонкаю, Калыханчык падляцеў да гнязда i сказаў:

- Дзецi, дзецi! Цiха сядзiце! З хаты не вылазiць, калi нас няма, а то пахапае вас ястраб.

- Няхай толькi папрабуе! - адказаў бацьку Чы-Лiн.

Калыханчык засмяяўся ад радасцi, што мае такога смелага сына. Ён пацалаваў яго ў самую дзюбку i маланкаю памчаўся ў каноплi. Застаўшыся дома, Чы-Лiн нядоўга сядзеў спакойна. Ён далёка высунуў з гнязда галаву.

- Хачу ляцець! Хачу ляцець! - крыкнуў ён i высунуўся яшчэ больш.

Певень Цiп, пачуўшы гэта, строга перасцярог:

- Куды? Куды?

Чын i Чуча схапiлi неспакойнага брата дзюбкамi за лапкi i не пускалi, а ён крычаў:

- Пусцi! Пусцi!

Вызвалiў лапкi i паляцеў... Але не ўгору, а ўнiз, няспрытна перабiраючы крыльцамi.

Чын, Чук, Чуча i Жычка паднялi гвалт. Прыляцелi бацькi. Справiлi крык.

Праўда, Чы-Лiн досыць шчаслiва апынуўся на зямлi каля прызбы. Ён сам страшна перапалохаўся i цяжка дыхаў.

- Сынок! Сынок! - крычала мацi. - Цi жывенькi ты?

Чы-Лiн шырока разявiў жоўты рот.

- Жыў! Жыў! - адказаў матцы.

Певень, праходзячы каля прызбы, спынiўся, падкурчыў адну нагу i строга зiрнуў на беднага Чы-Лiна.

Гэты выпадак з Чы-Лiнам меў багатыя вынiкi. У той час, калi птушкi думалi пра здарэнне з Чы-Лiнам, пры лесе, на сухой дубовай галiнцы, сядзеў каршун i пiльна сачыў за тым, што робiцца навокала. Каршун быў стары, вялiкi, з загнутай сярпом дзюбай, з доўгiмi i вострымi кiпцюрамi. Улучыўшы хвiлiну, стралою мiльгануў ён у паветры i ў момант вока схапiў кiпцюрамi куранё ды панёс у лес.

Ой, якая паднялася тут сумятня, трывога!

Мацней за ўсiх крычаў певень:

- Куды панёс? Куды панёс?

Закружылiся галубы, паднялiся высока-высока ў неба. З усiх канцоў пазляталiся ластавачкi.

- Цуп-цуф! Цуп-цуф! - крычалi яны.

Дрозд, седзячы ў гэты час за клуняю на вярбе, жаласлiва высвiстаў:

- Ухвацiў! Ухвацiў! А-а-а!

Чы-Лiн пазiраў на гэтую сумятню, дзiвiўся i, вiдаць, нешта думаў. Потым ён задраў угору галаву.

- Чук! Чук! - пачаў клiкаць брата.

Але тут да яго падляцеў Калыханчык, схапiў сына за крыльцы i пабег з iм у вiшнячок, у крапiву, каб схаваць яго ад бяды.

III

Тут ён прасядзеў цэлых тры днi. Бацькi прыносiлi яму яду, так што галадаць не прыходзiлася. Спачатку трохi было маркотна аднаму, але потым прывык. Седзячы адзiн у крапiве, Чы-Лiн пачаў разважаць, думаць, наглядаць, што робiцца навокала. Ён бачыў, што сярод птаства на двары няма згоды, што ўсе жывуць разбродам, думаюць толькi аб сваiх патрэбах, а гэтым карыстаюцца драпежнiкi i вудзяць iх патроху сабе на спажытак.

Чы-Лiн пачаў развiваць сваю думку далей. На трэцi дзень у яго галаве злажыўся пэўны план, але аб iм пакуль што ён нiкому не гаварыў. Пад канец трэцяга дня ён узляцеў на паркан, з паркана на грушу, з iгрушы на клуню i з гэтага часу пачаў вельмi спрытна лятаць.

На чацвёрты дзень павыляталi Чук, Чын, Жычка, Чуча. Дзён два яны жылi пад строгiм доглядам бацькоў, а потым патроху пачалi жыць незалежна.