Читать «Асiнае гняздо (на белорусском языке)» онлайн
Якуб Колас
Приятного чтения!
Колас Якуб
Асiнае гняздо (на белорусском языке)
Якуб Колас
Асiнае гняздо
Даўно ўжо асталявалiся тут восы. Нi для кога гэта не было нi дзiвам, нi клопатам вялiкiм: ну, жывуць - няхай сабе здаровыя жывуць. Чым, напрыклад, аса горш ад авадня або сляпня! I то брыда, i то брыда. Але калi прырода пусцiла iх на свет, то, можа, яна мела на гэта свой погляд.
Не мы будзем папраўляць тое, чаго недарабiла або перарабiла натура. Кепска было толькi адно - восы залiшне высока неслi сябе i ўсiм у вочы казалi, што восы - гаспадары над усiмi мошкамi на свеце, i крыху прыцiскалi другую машкару. Карысным дзелам, як, напрыклад, збiраць па крышанчыку мёд, iм [займацца] не хацелася, яны часта заляталi ў вуллi, паквапныя на дарэмшчынку, i кралi або разбоем забiралi гатовае.
Праўда, не заўсёды ўдавалася iм гэта зладзейская работа, але клопату рабiлi даволi працавiтым i спакойным пчолкам. А iншы раз пчолкi прытваралiся, што нiчога не бачаць, каб толькi не рабiць калатнi, i дазвалялi iм жыць у тых закутках, дзе жылi i самi.
Другая людская мошка сказала б за гэта дзякуй, а восы пазiралi на гэта iначай, бо былi надта хванабэрыстыя.
- Э, - казаў iм самы галоўны, - будзьце смелымi: бачыце, як усе дагаджаюць нам. Але каб быць смелым, то для гэтага трэба быць дужым, а каб быць дужым, то трэба мець цвёрды грунт пад нагамi i ясна пачуваць i ведаць, дзеля чаго ты жывеш на свеце. Чаго мы жывём? Жывём, каб панаваць. А каб магчы панаваць, то трэба другiх заправiць служыць сабе. Дык дзе ж наш грунт? У чым наша сiла?
Восы маўчалi.
Я пэвен у тым, што некаторыя з iх ведалi адказ на гэта пытанне, прынамсi, такi, якi вымагаў асiны цар, але маўчалi: яны хацелi паказаць, што iх самы галоўны i ёсць самы разумны. Колькi часу маўчаў i самы галоўны.
Пераканаўшыся, што нiхто з яго залежных не сцямiць адказаць, асiны цар павярнуўся да сваiх залежных задам, паставiў угару вусы, вынуў джала i сказаў:
- Во ў чым наша сiла!
Усё асiнае гняздо так i загуло ад радасцi.
I пачалi восы гадаваць свае джалы. Пайшла трывога па ўсiм царстве ўсялякiх кузурак: нядобрае, вiдаць, задумляюць гэтыя разбойнiкi восы.
На каго ж яны першыя накiнуцца? На каго рыхтуюць свае джалы?
Пчолы думалi, што на iх. Пакiдалi i яны збiраць мёд, давай таксама вастрыць джалы. Няма чаго есцi зiмою, прыходзiцца часамi з голаду пухнуць.
Чмель, той самы спакойны i разважны чмель, што так хораша звiнеў вясною над краскамi, пастанавiў:
- На нас, чмялёў, точаць свае зубы чортавы восы. Дык хвароба ж вам i скула ў бакi!
Давай i чмялi глыбей рыцца ў зямлi, таўшчэй высцiлацца мохам.
- Будзе бура, бiцца будзем, - гуў цяпер сярдзiта чмель.
Мухi лёталi, як шалёныя, не ведаючы, за што ўляпiцца, i давай без толку грызцi жывёлу i чалавека. Нават камар i той збiраў сiлы, не ведаючы сам навошта.
Цяжка стала мошкам. Восы, бачачы ўсё гэта, яшчэ больш захванабэрылiся.
Каб крапчэй чуць пад нагамi грунт, схаўрусавалiся яны з шэршнямi. Яшчэ большая трывога пайшла мiж машкары: шэршань - гэта не жарты. Перш-наперш велiч яго кiдалася ўсiм у вочы - амаль не з вераб'я ростам. Сам такi рыжы - жывот ды галава. Праўда, шчэплены яны вельмi тандэтна: варта было толькi крэпка стукнуць у гэтага iдала, каб галава i жывот параскiдалiся кожнае па сабе. Цяжка стала жыць мошкам.