Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

Бернар Клавель

- Калi б ты з самага пачатку рабiў, як я, мы б ужо даўно пазбавiлiся ад яго!

Настаўнiк ужо заходзiў у двор, i Кантэн хуценька адказаў:

- Вельмi прашу, не крычы пры iм. Я сам скажу яму. Я абяцаю табе, толькi памаўчы.

Увайшла Дэнiза, несучы два вялiзныя кашы. Ад iх цяжару даволi развiтыя грудзi дзяўчынкi ажно распiралi спераду блузку ў сiнiя i белыя клетачкi. Дэнiза паставiла кошыкi на падлогу, ускiнула на галаву вялiкую суконную хустку i прыхапiла яе шпiлькай пад барадою. Цяпер яе твар зрабiўся круглейшым i паўнейшым. Пасвятлелi блакiтныя вочы, якiя неадрыўна сачылi за дзвярмi. Iзабэла збiралася адчынiць iх, як на ганку пачулiся крокi настаўнiка. Хвiлiна маўчання, потым пачулiся чатыры ўдары. Дэнiза ажно падалася галавой i грудзьмi наперад, але так i засталася стаяць на месцы з разяўленым ротам. Iзабэла, сцяўшы ад злосцi вусны, глядзела на мужа, якi павагаўся некалькi хвiлiн, а пасля выгукнуў:

- Заходзьце!

Дзверы павольна расчынiлiся, але не паспеў настаўнiк i кроку ступiць, як Iзабэла прасакатала:

- А цi добра вы ногi выцерлi, га?

Паколькi хлопец вагаўся i нерашуча стаяў на парозе, яна раздражнёна прадоўжыла:

- Ды ўжо ж заходзьце, толькi хутчэй, а то ўсю кухню мне выстудзiце. Хоць мы i не плацiм за дровы, але ж нарыхтоўваць iх нялёгка. Вам, пэўна, невядома, што гэта такое. Вас камуна забяспечвае палiвам, дык вам няма чаго баяцца.

Настаўнiк зайшоў i разгублена спынiўся ля самых дзвярэй. Кантэн пайшоў яму насустрач, каб падаць руку. Дэнiза таксама падышла блiжэй. Настаўнiк усмiхнуўся ёй i спытаўся:

- Ну, як справы, малая?

Дзяўчынка моцна пачырванела, i ўвесь яе твар напружыўся ад намагання адолець хваляванне i знайсцi адказ. Бацька ведаў, што яна вось-вось адкажа, але яе апярэдзiла мацi.

- У Дэнiзы ўсё добра, - адрэзала яна. - У нас тут ва ўсiх справы iдуць добра, нават у скацiны. Толькi скацiна есцi хоча, i ў нас няма часу, каб тачыць лясы. Мы займаемся гаспадаркай, i ў нас не бывае вакацый. Мы толькi чулi пра iх. Пойдзем, Дэнiза! Ды паварочвайся ты!

Не змаўкаючы, Iзабэла падхапiла свае гаршкi, з якiх усё падымалася пара, пiхнула нагой дзверы i апынулася на двары. Дэнiза панесла ўслед кошыкi. Кантэн моўчкi назiраў у акно, як яны iшлi да хлява.

2

Мужчыны доўга стаялi i глядзелi цяпер адзiн аднаму ў вочы. Настаўнiк, якi быў значна вышэйшы за Кантэна, ажно нахiлiўся ўперад, i яго постаць нагадвала пытальнiк: галава павольна гойдалася на тонкай шыi, напаўсагнутыя каленi ледзь трымалi цела. Белыя i занадта тонкiя для мужчыны рукi рабiлi нейкiя няўпэўненыя рухi. Светлыя вочы настаўнiка слязiлiся, i ён, дастаўшы насоўку, нарэшце сказаў:

- Калi з холаду трапляю ў цяпло, заўсёды плачу.

- Я таксама, - падтрымаў яго Кантэн.

Ён назiраў, як настаўнiк выцiраў свае вострыя скулы i доўгi тонкi нос, якi расчырванеўся ад марозу. Настаўнiк нягучна высмаркаўся, выцер яшчэ раз твар i стаў глядзець на Кантэна. Рукi настаўнiка то ўзнiмалiся, то ападалi ўздоўж цела, быццам ён яшчэ працягваў хаду.

Цягнулiся хвiлiны. Кантэн пачуў, як зачынiлiся дзверы ў хляве. Усюды панавала цiшыня: тут, памiж iмi, звонку, вакол дома i, напэўна, на ўсёй раўнiне, якой не было канца-краю. Сумнае святло ледзь прабiвалася ў кухню праз запацелыя шыбы.