Читать «Страх (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Мопассан Ги Де

Мы збiралiся павячэраць i заначаваць у леснiка, хата якога была ўжо непадалёку. Я прыехаў туды на паляванне.

Мой праваднiк час ад часу паднiмаў вочы i мармытаў: "Невясёлая пагодка!" Ён расказаў мне пра людзей, да якiх мы iшлi. Двума гадамi раней ляснiк забiў браканьера, i з таго часу ён хадзiў нейкi змрочны, быццам успамiны не давалi яму спакою. Яго сыны, абодва жанатыя, жылi разам з iм.

Навокал была апраметная цемра. Я не бачыў нiчога нi перад сабой, нi навокал. Галiны дрэваў бiлiся адна аб адну, напаўняючы лес няспынным шумам. Нарэшце я заўважыў агеньчык, i хутка мой спадарожнiк ужо грукаў у дзверы. У адказ мы пачулi жаночыя крыкi. Пасля здушаны мужчынскi голас запытаўся: "Хто там?" Мой праваднiк назваў сябе. Мы ўвайшлi i ўбачылi незабыўнае вiдовiшча.

Сiвы стары з вар'яцкiм позiркам стаяў пасярод кухнi, трымаючы ў руцэ набiтую стрэльбу, а два дужыя хлопцы, узброеныя сякерамi, сцераглi дзверы. У цёмных кутах я распазнаў дзвюх жанчын, што стаялi на каленях тварам да сцяны.

Мы растлумачылi, дзеля чаго прыйшлi. Стары адвёў стрэльбу ўбок i загадаў падрыхтаваць пакой. Але жанчыны не скранулiся з месца, i тады ён раптам сказаў:

- Ведаеце што, пане, я забiў чалавека, i гэтай ноччу спаўняецца якраз два гады. Год таму ён па мяне прыходзiў. Сёння я зноў яго чакаю.

Пасля ён дадаў такiм тонам, што я ўсмiхнуўся:

- I таму сёння ў нас неспакойна.

Я супакоiў яго як мог, шчаслiвы ад таго, што прыйшоў менавiта гэтым вечарам i магу падзiвiцца з гэтага спектакля забабоннага страху. Я пачаў расказваць розныя гiсторыi i ўрэшце здолеў супакоiць амаль усiх.

Каля камiна спаў, схаваўшы нос, стары вусаты сабака, ужо амаль сляпы, адзiн з тых сабак, якiя нагадваюць знаёмых людзей.

А за сцяною лютавала бура, i праз маленечкае акенца побач з дзвярыма я бачыў, як маланка раз-пораз асвятляла цэлыя завалы буралому. Я добра адчуваў, што, нягледзячы на мае намаганнi, гэтыя людзi былi ахопленыя невыказным жахам, i кожнага разу, як я спыняў размову, усе пiльна прыслухоўвалiся. Мяне стамiла гэтая бязглуздая напалоханасць, i я збiраўся быў папрасiць, каб мяне паклалi спаць, як раптам стары ляснiк ускочыў з крэсла, зноў схапiў сваю стрэльбу i замармытаў запiнаючыся: "Гэта ён! Гэта ён! Я яго чую!" Абедзве жанчыны ў кутах зноў пападалi на каленi, схавалi твары. Сыны схапiлi сякеры. Я хацеў яшчэ паспрабаваць iх супакоiць, але сабака, якi дагэтуль спаў, раптам прачнуўся, выцягнуў шыю i, наставiўшы на агонь свае амаль згаслыя вочы, завыў тым жудасным выццём, якое прымушае здрыгануцца вандроўнiка, што ўвечары мiнае вёску. Усе павярнулiся да сабакi - той стаяў нерухома, нiбы спалоханы нейкiм прывiдам. Сабака зноў завыў, звяртаючыся да некага нябачнага, невядомага, але без сумнення страшнага, бо поўсць на iм натапырылася. Ляснiк, збялеўшы, як смерць, закрычаў: "Ён яго чуе! Ён яго чуе! Ён быў там, калi я яго забiў!" I абедзве жанчыны, нiбы звар'яцеўшы, завылi разам з сабакам.