Читать «Страх (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Мопассан Ги Де

Дык вось што са мной адбылося на афрыканскай зямлi:

Я iшоў праз вялiкiя дзюны на поўдзень ад Уарглы. Гэта адна з найдзiўнейшых мясцiн на свеце. Вы добра сабе ўяўляеце роўныя i аднастайныя пясчаныя краявiды бясконцага акiянскага берага. А цяпер уявiце сабе, што сам акiян у шторм раптам ператварыўся ў пясок; уявiце сабе нямую буру нерухомых хваляў жоўтага пылу. Яны здаюцца гарамi, гэтыя розныя вышынёй i формай пясчаныя гурбы, што ўздыбiлiся, нiбы раз'юшаныя хвалi. А на гэтае разлютаванае, нямое, нерухомае мора няшчаднае паўднёвае сонца лiе бязлiтасныя промнi. I трэба лезцi на гэтыя валы з залатога попелу, апускацца, зноў узбiрацца, бясконца, бесперапынна, а навокал - а нi лапiнкi ценю. Конi хрыпяць, правальваюцца па калена i спаўзаюць з пяском па схiлах дзiвосных узгоркаў.

Мы былi з сябрам, разам з намi iшло васьмёра спагi - арабскiх лёгкiх салдатаў - i чатыры вярблюды з паганятымi. Мы iшлi моўчкi, змардаваныя спёкай i стомай, ссушаныя смагай, як i ўсё ў гэтай раслаленай пустэльнi. Раптам нехта адзiн ускрыкнуў. Усе спынiлiся. Мы стаялi нерухома, здзiўленыя незвычайнай з'явай, вядомай тым, хто вандруе па гэтых забытых Богам краях.

Аднекуль зблiзку чуўся бой барабана, таямнiчага барабана пустынi. Ён быў выразны, то гучнейшы, то слабейшы, ён то спыняўся, то зноў рассыпаўся нейкiм фантастычным дробатам.

Напалоханыя арабы глядзелi адзiн на аднаго. Адзiн сказаў сваёй мовай: "Смерць прыйшла да нас". I тут раптам мой таварыш, мой верны сябар, амаль брат, упаў з каня галавой унiз, забiты сонечным ударам.

I цэлыя дзве гадзiны, пакуль я марна спрабаваў яго выратаваць, гэты няўлоўны барабан няспынна дражнiў мой слых манатоннымi, перарывiстымi, загадкавымi гукамi. I я адчуваў, як па маiх жылах расцякаецца страх, сапраўдны, агiдны страх. Перада мною пад пякучым сонцам памiж чатырма гарамi пяску ляжаў мой мёртвы сябар, а тым часам незразумелае рэха даносiла сюды, за дзвесце льё ад Францыi, паспешлiвы пошчак барабана.

У той дзень я адчуў, што такое страх. Але яшчэ лепш я зведаў, што гэта значыць, другiм разам...

Капiтан перапынiў апавядальнiка:

- Прабачце, пане, але што з барабанам? Што гэта было?

Падарожнiк адказаў:

- Я не ведаю. Нiхто не ведае. Афiцэры, якiх часта здзiўляюць гэтыя нязвыклыя гукi, мяркуюць, што гэта памоцненае рэха, якое адбiваецца ад шматлiкiх узгоркаў дзюнаў; рэха ад удараў пясчынак, якiя гонiць вецер, аб пучкi сухой травы. Бо заўважана, што гэтая з'ява заўсёды адбываецца там, дзе ёсць маленькiя раслiнкi, спаленыя сонцам i цвёрдыя, як пергамент.

Такiм чынам, барабан гэты быў толькi нечым накшталт гукавога мiражу. Вось i ўсё. Але я даведаўся пра гэта пазней.

А цяпер пра другi выпадак.

Гэта было летась узiмку ў адным лесе на паўночным усходзе Францыi. Неба было такое цёмнае, што ноч настала на дзве гадзiны раней звычайнага. Мой праваднiк, селянiн, iшоў побач са мной вузенькай сцежачкай пад шатамi густых ялiн, над намi скавытаў раз'юшаны вецер. Уверсе, мiж верхавiнамi дрэваў, па небе бязладна, нiбы спалоханыя, беглi аблокi; здавалася, што яны ўцякаюць ад нейкай бяды. Часамi пад магутным шквалам усе дрэвы хiлiлiся ў адзiн бок з пакутлiвым стогнам. I нягледзячы на маю хуткую хаду i цёплае адзенне мяне прабiраў холад.