Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 66

К Акула

З украiнскiм русафiлам маёрам Мураўёвым чытач сустрэнецца яшчэ шмат дзе ў будучынi, таму скажам пра яго адно пару слоў. Самае важнае, асноўнае, што нас цiкавiць цяпер, гэта тое, што маёр Мураўёў быў надта блiзкiм сябрам Зiглiнга, аж да розных iнтымнасьцяў, як, прыкладам, супольных вандровак да дзяўчат у розныя часы i ў розных месцах. Мураўёў быў калiсь афiцэрам савецкае армii. Пасьля пераходу ў палон пайшоў на службу да немцаў i побач Зiглiнга тры гады змагаўся з партызанамi ў Беларусi. Там абое й зблiзiлiся. Зiглiнг часьценька браў на ўвагу парады Мураўёва - мо таму, што той меў язык i больш ведаў краiну, а мо i зь iншых прычынаў. Гэтае нас менш цiкавiць. Асноўнае, што ня было тайнiцай, - маёр Мураўёў уважаўся правай рукой Зiглiнга й нярэдка ўплываў на тыя цi iншыя пастановы немца.

IV

У месяцы лiпенi 1944 года на Мазуршчыне на поўнач ад Варшавы ды ў самай Усходняй Прусii знаходзiлася колькi дзесяткаў тысяч людзей з розных збройных адзьдзелаў, а то й рэштак адзьдзелаў, што эвакуавалiся зь Беларусi. Насамперш былi там адзьдзелы Дапаможнае Палiцыi, Беларускае Краёвае Абароны, рэшткi чыгуначнага батальёну, украiнскай зялёнай палiцыi, што дзейнiчала ў Беларусi. Там-жа былi й рэшткi або й цэласьцi такiх адзьдзелаў, як Зiглiнгаў 57-мы батальён ды iншыя, створаныя немцамi з мэтаю змаганьня з партызанамi. У складзе гэтых збройных частак пераважалi палонныя з Чырвонае Армii. Паводле нацыянальнага складу, гэта рознаякае войска было ў сваёй бальшынi беларускiм. Некаторыя цьвердзiлi, што беларусы складалi цi ня больш за 80 % усiх вайскавiкоў. Ясна, нiхто-ж не правяраў i не падлiчваў працэнтаў, адно ўгадвалi паводле характару адзьдзелаў. З праўдай далёка не разьмiналiся.

Перад нямецкiм вайсковым камандаваньнем паўстала пытаньне: што рабiць зь дзесяткамi тысячаў людзей, што ў Беларусi так цi йнакш былi дапамогай для акупацыйнага апарату? Бязумоўна, немцы былi задаволены з наяўнасьцi людзкiх рэзэрваў, што лiшнi раз удасца выкарыстаць. Адно - цi паслаць iх да капаньня вакопаў i будовы ўмацаваньняў па-за фронтам, цi адправiць на паўнявольнiцкую працу на фабрыках, цi, рэарганiзаваўшы, - стварыць вялiкую збройную адзiнку? Пару тыдняў усё, як здавалася, вiсела ў паветры. Хадзiлi розныя чуткi. Найчасьцей цьвердзiлi, што неўзабаве давядзецца капаць вакопы цi будаваць бункеры. Радзей мяркавалася аб тым, што людзi атрымаюць зброю цi захаваюць тую, што маюць, ды пойдуць ваяваць на фронт.