Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 379

К Акула

Ужо пасьля выхаду кнiгi з водклiкаў прыйшло шмат новага й цiкавага. Гэты новы матэрыял будзе, безумоўна, выкарыстаны некалi пры перапрацоўцы твора для перавыданьня (на вольнай Бацькаўшчыне!). Пакуль-жа тое будзе, ужо цяпер хачу выправiць адну прыкрую памылку, бо ёсьць гэта мой маральны i аўтарскi абавязак.

Празь няведаньне некаторых фактаў i бяз дрэнных заднiх думак у кнiзе зроблена вялiкая крыўда былому камандзеру афiцэрскае школы БКА ў Менску капiтану Ласкутовiчу. На вялiкi жаль, былыя вучнi гэтай школы яшчэ й сяньня маюць дрэнную думку аб капiтане Ласкутовiчы, а я гэты крывы вобраз заслужанага беларускага школьнага працаўнiка, вайскоўца й насамперш вялiкага патрыёта, дзякуючы недастатковым або фальшывым iнфармацыям, замацаваў у сваёй кнiзе.

За гэта прашу капiтана Ласкутовiча мне выбачыць i хачу падаць да ведама высьветленыя факты.

Атрымаўшы загад аб эвакуацыi з Менска, капiтан Ласкутовiч папрасiў капiтана Мiкулу, каб на час пераняў школу, бо сам хацеў заехаць па сям'ю. Мiкула згадзiўся. Не дастаўшы дазволу ад камандуючага БКА на адлучку па сям'ю, Ласкутовiч зьвярнуўся да прэзэдэнта БЦР, якi даў яму дазвол. Ранiцаю 29 чэрвеня капiтан Ласкутовiч, прадставiўшы капiтана Мiкулу кадэтам, разьвiтаўся зь юнакамi.

Ажно 2 лiпеня, пасьля шматлiкiх прыгодаў, ужо разам зь сям'ёю, ён далучыўся да школы ў Вiльнi.

Усюды быў вялiкi хаос. Беларускiя цывiльныя й вайсковыя ўлады ня мелi нiякага кантролю над адступаючымi цывiльнымi й жаўнерамi.

Бачачы гэта ды намагаючыся вярнуць нейкую арганiзаванасьць,капiтан Ласкутовiч наважыўся зьвярнуцца з пэўнымi прапановамi да прэзыдэнта БЦР, што пераездам затрымаўся ў Вiльнi. Найбольш баяўся Ласкутовiч таго, каб гiтлераўцы не паслалi на бойню ня вышкаленых "зялёных" кадэтаў зь ягонае школы. Таму й хацеў адвесьцi iх як найдалей ад фронту.

Якая-ж была рэакцыя Астроўскага? Выслухаўшы камандзера школы, ён выдаў пiсьмовы загад, паводле якога капiтан Ласкутовiч звальняўся з займанага становiшча. Старшы лейтанант К-i быў прызначаны камандзерам школьнае роты, а капiтан Мiкула быў затрыманы пры школе як прадстаўнiк ад БЦР. Паiнфармаваўшы двух апошнiх аб зьменах, капiтан Ласкутовiч усё-ж наважыўся трымацца школы, памагчы юнакам ад'ехаць найдалей ад фронту, каб немцы iх ня кiнулi ў вагонь. Характэрна, што з прычыны нейкага дзiўнага недагляду найбольш зацiкаўленыя асобы (значыцца, самi кадэты) нiчога афiцыйна так i ня ведалi аб зьмене каманды. Вось чаму, калi капiтан Ласкутовiч адлучыўся ад школьнае роты ў Полацку ды разам зь сям'ёй паехаў у Нямеччыну, нехта сказаў, што камандзер школы "змыўся" цi проста "пакiнуў нас". Аж да сяньняшняга часу ў сьведамасьцi шмат каго пануе памылковая думка, нiбыта капiтан Ласкутовiч быў дэзэртырам, што ў сьвятле вышэйсказанага зьяўляецца няпраўдай.

Ня ўсiм ведама, што капiтаны Мiкула й Ласкутовiч, пабачыўшы безгалоўе ў БЦР, былi добра прадыскутавалi i ўстанавiлi агульны кiрунак дзеяньня на будучыню. У iм прадбачвалася арганiзацыя Беларускага войска (не СС цi палiцыi) пад нацыянальным сьцягам, папаўненьне школы БКА й навучаньне афiцэрскiх кадраў, магчымая сувязь з заходнiмi хаўрусьнiкамi й пераход на iхны бок дзеля рэалiзацыi iдэi вызваленьня Бацькаўшчыны. У сьвятле гэтага факта й лягчэй зразумець апiсанае ў "Змагарных дарогах" выступленьне капiтана Мiкулы на канфэрэнцыi ў Эльбiнгу. Будучы там адным са старэйшых беларускiх афiцэраў, не спадзяючыся ад малодшых актыўнай падтрымкi на канфэрэнцыi, ён, мусiць, трымаўся той узгодненай з Ласкутовiчам iдэi.