Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 258

К Акула

Дык i дарма, што Спарыш, цi Караткевiч, цi трэцi й чацьвёрты iдуць сяньня ў лiку семнаццатай цi шостай Львоўскай, у лiку тых, што - калi-б не Ялта зноў прынеслi-б паняволеньне. Дарма, што й сэрцы iхныя сяньня да ўсяго абыякавыя, зачарсьцьвелыя. Прыйдзе яшчэ ўзлёт, новае аднаўленьне.

А калi Львоўская, дык i што-ж? Былi-ж розныя й раней, будуць i пасьля. Вунь-жа на другiм баку агнявой крывулi крышацца й нявечацца сiлы такога-ж самага, што паквапiўся на занадта вялiкi кусок чужога ды пасьля праглынуць ня стала сiлы. А мо й здолеў-бы, каб часам з другога боку памяркавалi. Але-ж не дазволiлi. Дык заўсёды i ўсюды адзiн i той самы працэс - з аднаго боку прагавiтасьць, гвалт i агрэсыя, з другога - абарона пакрыўджаных, часова цi даўжэй прыгнечаных, а то й зусiм проста абарона, абы не дацца. Быў некалi-ж такi працэс i зь Лiтвой-Беларусьсю. Толькi-ж зашмат ворагаў адразу навалiлiся, прыцiснулi, ледзь зусiм не задушылi, дый цяпер яшчэ душаць з большай сiлаю, чымся калiсьцi. Але дарма iхныя натугi. Як сказаў-бы той Сымон у хвiлiну адсутнасьцi ўсялякага натхненьня, так, проста з моста: "А скулу вам у бок, гадаўё i пошасьць, хеўра цёмная! Ня ўдасца - падавiцеся!"

Дык што-ж, калi сяньня крочыць ён сярод чужых па чужой зямлi й за чужое. Прыкрыў, захутаў абыякавасьцю сэрца, каб, крывавячыся, зусiм не аслабела, каб вытрымала, каб у часе паходаў гартаваўся дух i вера, каб мацаваўся ў днях злыбяды й вялiкiх выпрабаваньняў юнацкi характар. Прыйдзе час - спатрэбiцца. Учора цi заўчора страляў "п'ятам" па тых з гэтага боку. А якая розьнiца - за каго страляў цi па кiм? Не так даўно-ж страляў i з другога боку i таксама-ж панцырфаўстам-"п'ятам", хоць, праўду гаворачы, не страляў, бо ўдалося абысьцiся, моўчкi й бяз стрэлу на другi бок пералезьцi. А тут-жа, на гэтым баку, ня было куды й чаго пералазiць, дык i страляў, бо й трэба-ж было неяк абысьцiся.

Але-ж вунь на другiм баку засталiся радня й сябры. I хто ведае - капрызны лёс мог-бы прынесьцi iх у гэты час i на гэты адрэзак. Дык i што? Ведаў-бы Сымон, у каго страляе? Яны-ж не са свае волi ў чужых мундзiрах, там, дзе ён быў раней... Сяньня, пэўна, галадуюць, церпяць - не так, як ён тут, на гэтым баку: усяго хоць завалiся. Падзялiлi-ж, паразганялi па ўсiм сьвеце сыноў Беларусi, разьвеялi, быццам лiхi асеньнi вецер лiсьце па полi. Самы-ж люты й найстрашнейшы з усiх страшных вунь дома бацькоўскiя гнёзды разбурае-папялiць, ды, можа, дзе й Сымонаву сям'ю ў Сiбiр на самыя страшныя цярпеньнi пагнаў. Колькi-ж зь iх, што дома пажадалi застацца, таксама загiне. А колькi пасьля буры дахаты дарогi ня знойдзе, а мо й шукаць ня будзе ды на чужыне пачне часовыя гнёзды вiць, каб змаганьне праводзiць за вольнасьць тых, што церпяць. Маса загiне, але-ж, пэўна, ня ўсе. Будуць такiя, што знойдуцца, згуртуюцца, пачнуць новы марш у новых шэрагах ды ўжо са сваiмi клiчамi й пад собскiм штандарам.