Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 255

К Акула

- Дык давай.

У гэты час цемнаватая адтулiна з супрацьлеглага боку адклiкнулася "спандалавым" залпам. Наступаючая пяхота не магла вылезьцi на верх насыпу. Дождж куляў бзыкаў па яго хрыбце, а некаторыя, адбiўшыся рыкашэтам ад рэдкага каменьня, быццам тыя жукi, страцiўшы ранейшы iмпэт, завурчалi, пералятаючы за плечы.

Сымон падняў "п'ятаву" ножку вышэй, аблiчаючы на адлегласьць дадатковых дзесяцi мэтраў, i заладаваў другую бомбу. Прычакаўшы, пакуль сьцiхне кулямёт, на жываце пад'ехаў да самага верху насыпу i цэлiўся мо пяць секунд. Гэтым разам даўганосая, круглаватая, велiчынёю з добрую бручку хвастатая бомба трапiла проста ў вызначаную адтулiну. Стаўбур зямлi, пылу й кавалкаў дробнага сучча падняўся на мэтраў пяць уверх. Бункер ахутаўся пылам, полымем i дымам.

- Брава! Вось маладзец! - крыкнуў у захапленьнi малады афiцэр. - Маеш ад мяне пляшку водкi.

- Калi, пане лейтанант? - усьмiхнуўся ад задаваленьня Сымон.

- Пасьля сканчэньня акцыi.

- Ну, гэта дык па вадзе вiламi пiсана. Хто ведае, калi тая акцыя скончыцца.

- Я-бы цяпер табе даў, дык уп'ешся й другi раз не трапiш у бункер, тлумачыў афiцэр, вылезшы ўжо наверх i разглядаючыся па баках.

- Усё роўна я гэтага вам не дарую, пане лейтанант.

Але той ужо ня слухаў. Рукамi паказваў людзям, каб вылазiлi наверх i падцягвалi для пераправы лодкi.

- Бяры ўжо, калега, i гэтую, - сунуў Кiцынскi апошнюю з кантэйнера бомбу. Сымон узяў яе й завастрыў. На правым крыле жаўнеры спускалiся ўжо ўнiз.

- Але-ж i душна, - жалiўся Кiцынскаму Спарыш.

- Няхай яе кроў залье, такая сьпякота, - памог наракаць паляк. - I цягай, як той дурань, столькi ладунку на плячох. Добра, што хаця крыху ўжо выстралялi.

Рэчка была няглыбокая й вузкая. Пантонныя лёгкiя лодкi бралi па пяць чалавек. Сымон пераяжджаў на другi бок устоячкi, перавесiўшы цераз плячо "п'ят" i трымаючы ў правай руцэ завостраную бомбу. Вельмi ўважаў на доўгi нос i чырвоны запальнiк, каб, баранi Божа, чаго iм не дакрануцца. Запальнiк быў надзвычай адчувальны, й часта бомба выбухала, стукнуўшы носам аб якую галiнку...

На другiм баку Спарыш не хацеў бачыць, якое зьнiшчэньне зрабiла ягоная бомба ў бункеры. Хоць даўно звыкся з касьбой сьмерцi навокал, ён адно ў выпадку неабходнасьцi пазiраў на забiтых цi пакалечаных. Апынуўся разам зь Кiцынскiм i нейкiм малым тоўсьценькiм капралам у вузкiм, кароценькiм акопе, выкапаным накшталт лацiнскае пяцёркi. Раён ракi Сантэрно на гэтым адрэзку ўжо маўчаў. Адно на левым флянгу, мо на кiлямэтр цi больш воддаль, трывала самая заядлая перастрэлка ўсялякае зброi, улучна з артылерыяй. Абаронцы моста й шашы сканцэнтравалi там вялiкiя сiлы.

Вось наперадзе над чупрынамi садоў праiмчалiся ў заходнiм кiрунку адзiн за адным тры ганчакi-"спiтфаеры", й там дзесь над шашою загрукацелi з гарматак якраз так, як калiсь, пранюхаўшы калёны трыццатае дывiзii на гладкiх эльзаскiх дарогах.

Тыя самыя самалёты. Калiсь - чужыя, цяпер - свае. Iхнi грукат некалi напаўняў цябе трывогай, цяпер улiваў моц i сiлу. I гэта ўсё на працягу пяцi-шасьцi месяцаў. Цi-ж ня здурэў гэты сьвет? - думаў "п'ятавы" стралец.