Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 254
К Акула
- Не страляць палонных, лайдаку ты едэн! - крычэў афiцэр. - Што ты хочаш, каб кожны зь iх змагаўся да апошняга патрону?
Самыя сьмялейшыя з наступаючых спрабавалi вылазiць на верх насыпу. З процiлеглага насыпу чуўся грукат "спандава". Немцы трымалiся на другiм баку. Тое, што ня зьнiшчыла артылерыя, ня выбiлi танкi, мусiла выкарчоўваць пяхота. Рэчышча рэчкi Сантэрно было вузенькае, але супрацьпаводныя насыпы па баках шырокiя. Адлегласьць мiж iхнiмi хрыбтамi сягала да ста мэтраў.
Найгоршы вораг наступаючага жаўнера - гэта нецярплiвасьць i нэрвовасьць. У гэтым на собскiя вочы мог пераканацца Сымон. Мо вiною тут быў хмялёк у галаве. Здавалася вельмi непраўдападобным, каб цьвярозы чалавек мог зрабiць так, як адзiн з жаўнераў зьвязу. Цяжка было пасьля, гледзячы на акрываўлены труп, у агнi бою варажыць, якiмi матывамi ён кiраваўся, калi раптам, падпоўзшы да самага верху першага насыпу ды асачыўшы на другiм баку "спандаў", што, быццам гарохам, сеяў кулямi, ён устаў на цэлы рост i, нешта моцна крыкнуўшы, пачаў з "томсана" абсыпаць бункер, адкуль адзываўся "спандаў".
- Што ты робiш, вар'яце?! Кла-а-дзiся! - крычаў на яго зьвязовы. Ледзь пасьпеў падафiцэр скончыць заглушаную стрэламi перасьцярогу, як з процiлеглага берагу пачуўся грукат другой сэрыi "спандава". Неразумны польскi куляметчык ад вялiкага болю здрыгануўся ўсiм целам ад галавы да ног, рукi выпусьцiлi "томсан". Чалавек скурчыўся й пакацiўся ўнiз па даволi стромым насыпе, прыцiснуўшы рукамi залiтыя крывёю грудзi. Два жаўнеры падскочылi да яго ў часе перадсьмяротных сутаргаў. Зьбялелы, стогнучы, варушыў яшчэ вуснамi й нешта стараўся сказаць, але ня мог, а ў адкрытых вачах адлюстраваўся неспадзяваны жах. Быў гэта той самы кулямётчык, што пару хвiлiн таму застрэлiў немца, якi з паднятымi рукамi вылазiў з акопу, каб стацца палонным.
III
- "П'ят"! Давайце сюды "п'ят"! - клiкаў Сымона камандзер зьвязу. - Там! Бачыш? - паказваў пальцам, падпоўзшы да самага верху насыпу, афiцэр. - Гэты бункер.
- Так ёсьць, пане лейтанант.
- Пачастуй iх.
На насыпе з другога боку рэчкi Спарыш заўважыў прыкрыты зверху абсохлымi ўжо зялёнымi галiнкамi невялiкi бугор. Крыху нiжэй чарнелася падоўжаная адтулiна.
- Уважай! Ня вылазь занадта наверх! - перасьцерагаў камандзер. Сымон на жываце ад'ехаў крок назад i выставiў правую руку да Кiцынскага:
- Давай хутчэй снарад!
З мэталёвай пушкi, з верхняй кiшэнi "батледрэсу" выцягнуў доўгi, на сантымэтры тры, запальнiк i завастрыў бомбу. Рыжа-чарнявы насып, сьпечаны нядаўна танкавымi агнямётамi, курыў яшчэ карэньчыкамi травы. Моцна пякло зьверху сонца. Левым рукавом Сымон выцер зь iлба пот, што залiваў вочы, i паставiў на ножку "п'ят", вызначыўшы адлегласьць на шэсьцьдзесят мэтраў. Прыклад кароткай стрэльбы моцна таўхануў правае плячо, што адчувала яшчэ ранейшы боль. Снарад разарваўся,не далятаючы да бункера, крышку направа ўнiз.
- Давай зараз другi! Не марудзь! - спанукаў лейтанант. - Калi за гэтым разам трапiш у мэту, заробiш ад мяне пляшку водкi.
- Думаю, што траплю.