Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 18

К Акула

Нiк Лок, векам у канцы дваццаткi, вызначаўся ня толькi сваёй буйнай цемнаватай чупрынай. Агрэсыўнасьць загнязьдзiлася i ў ягоных рухах, i ў заядласьцi ў працы, i ў недахопе меры шмат у чым iншым. Любiў працу, дзяўчат i спорт. Ягонае гобi (улёблены занятак) - гэтак званыя практычныяжарты. Выдумляў рознаеды й сам выконваў. Алесь спадабаўся яму i абое адразу пасябравалi. Нiк Лок пачаў працу ў Трыфты Тонi iз самага нiзу й лез уверх цяжкiм шляхам, дапаўняў камэрцыйныя веды ў гандлёвай школе вечарамi.

Анды Кул, стрыманы ў паводзiнах i нiштаваты з выгляду, у трыццатых гадох, здабыў некалi салiдную бiзнэсавую адукацыю. Стары дзяцюк, любiў усё клясычнае, жыў на дарагой кватэры. Анды любiў сяброўскiя сустрэчы й гуляньне зь людзьмi свайго асяродзьдзя цi iнтэлектуальнага ўзроўню. Шмат чытаў. Сумленны пры працы. I Нiк i Анды мелi нагляд за двума дэпартамантамi, а "олд бой" ("старым хлопцам" называлi Давiда Зэлмана) быў наагул задаволены iмi.

- Здароў, Ал! - ускочыў з крэсла Нiк, калi Якiмовiч зьявiўся ў дзьвярох. - Што гэта я чую, быццам ты далучаешся да нашай адборнай галоўнай каманды?

- Пры чым тут я? - усьмiхнуўся Алесь. - Спытайся ў свайго галоўнакамандуючага.

- Вiншую. Цешуся, што бачу цябе на нашай курасаднi, - сьцiснуў Нiк Алесеву руку.

- Дзякую, Нiк.

- Вiншуем, вiншуем. Ужо пара! - падаў сваю руку Анды.

- Жадаю посьпеху вам, мiстар Якiмовiч, на вашай новай пазыцыi, падняўся з крэсла й трос Алесеву руку Джоў Кэмп.

- Гэта трэба было-б належна адзначыць. Як ты думаеш, вялiкi пiянер i пасьпяховец? - зьвярнуўся да Алеся Нiк.

- Я - да вашай дыспазыцыi. Выбiрайце час i месца, - адказаў Алесь.

- Што ты скажаш пра пятнiцу вечарам у цябе? - прапанаваў Нiк.

- Час адпаведны. Месца? У мяне будзе цеснавата. Цi ў тваiм палацы нельга? Кошт пакрываю, - адказаў Алесь.

- Надзвычайна. Паклiкаю цябе на гаспадара, - згадзiўся Нiк. - А каго-ж мы запросiм?

- Ды вось пачнем з прысутных, запросiм мiстара Кэмпа. Прыйдзеце?

- Дзякую за запросiны, аднак не магу анi згадзiцца, анi адмовiцца пакуль...

- ...пакуль не параюся iз сваёй дарагой мiсiс, - уставiў Нiк.

- Скажаце мне заўтра, мiстар Кэмп. Окэй? - запрапанаваў Алесь.

- Окэй, мiстар Якiмовiч, так i зраблю.

Анды Кул сказаў, што вечар пятнiцы ў яго раней заняты.

- А як-жа мы безь дзяўчат? Якое бязь iх гуляньне? - гаварыў далей Нiк.