Читать «Гэпварт, 16, 1924» онлайн - страница 17

Джером Дейвид Сэлинджер

Лэс, якая гэта палёгка і прыемнасць чыркнуць пару радкоў, не прыслухваючыся да абрыдлых гукаў горна! Я проста не магу стрымаць свой разгон. Калі ты замарыўся або калі чытанне табе папраўдзе дакучыла, перастань чытаць зараз жа, з майго шчырага дазволу. Я, як вядома, карыстаюся тваёй добрай воляй, бацькоўствам і тваім сумна славутым, ажно смяхотным цярпеннем. Упэўнены, Бэсі перакажа табе існасць іншых далейшых паведамленняў ды разваг; бестурботна закурвай цыгарэту, кідай мой збрыдзелы ліст як гарачую бульбіну, ды ідзі сабе ў хол якога заўгодна атэля, дзе ты спыніўся, і няхай уцехай табе будзе чыстае сумленне і мая бессмяротная любоў. Гульня ў пул або пінакль магла б цябе крыху асвяжыць!